18 жніўня каля палаца Пуслоўскіх у Альбярціне сабраліся з мальбертамі,
пэнзалямі і фарбамі слонімскія мастакі Андрэй Сідараў, Васіль Грыневіч,
Казімір Кулеш і Яўген Іваноў, каб пачаць свой двухдзённы мастацкі пленэр у
гонар Міхала Казіміра Агінскага,- паведамляе “Газета Слонiмская”.
— Агінскія мелі сваяцкія сувязі і дачыненні з Пуслоўскімі, таму мы вырашылі,
што лагічна будзе распачаць наш пленэр менавіта ў Альбярціне.
Наша мастацкая суполка “Арт-Слонім” праводзіла свае творчыя акцыі з розных
нагодаў і ў розных мясцінах Слонімшчыны і за яе межамі. Але яшчэ не было
дагэтуль пленэра, прысвечанага нашаму знакамітаму земляку Міхалу Казіміру
Агінскаму. Таму сёння мы пачынаем ліквідаваць гэты прабел у нашай творчай
гісторыі.

Кажу пачынаем, бо заўтра будзе працяг нашага пленэра ў цэнтры Слоніма, дзе
ёсць і канал Агінскага, і аўстэрыя, і тэатр, гісторыя якога таксама звязана з імем
Агінскага, — распавёў карэспандэнту партала gs.by пра творчую акцыю
слонімскі мастак Васіль Грыневіч.
Аб’ектамі для малявання ў першы дзень пленэра сталі палаца-паркавы
комплекс Пуслоўскіх у Альбярціне.
Акрамя мастакоў, каля палаца Пуслоўскіх час ад часу з’яўляліся турысты, а на
беразе Альбярцінскага возера шчыравалі з вудамі рыбакі.
Як спадзяюцца ўдзельнікі пленэру, заўтра ў Слоніме да іх павінны далучыцца
іншыя слонімскія мастакі з суполкі “Арт-Слонім”.

Газета слонiмская gs.by

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)