Дзяржаўная газета “Мiнская праўда” ў аўторак, 7 верасня, апублікавала на першай паласе карыкатуру супраць каталіцкіх святароў, якія адкрыта выступалі супраць гвалту і фальсіфікацый на выбарах.
Вокладка, на якой крыжы былі замененыя на свастыкі i сам змест артыкула абурыў як простых каталікоў, так і святароў, а таксама прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.
З асуджэннем выступiлi каталіцкія біскупы Беларусі, назваўшы карыкатуру і артыкул “Мінскай праўды” наўмысным і злосным скажэннем праўды, паклёпам і абразай. Яны таксама выказалі надзею, што адпаведныя дзяржаўныя органы дадуць належную юрыдычную ацэнку гэтай карыкатуры і публікацыі ў газеце “Мiнская праўда”, надрукаванай у нумары 68 ад 7 верасня 2021 года, напярэдадні святкавання Дня нацыянальнага адзінства.
Аўтарам карыкатуры з’яўляецца Антон Астроўскі. Акрамя карыкатуры, у газеце быў замешчаны артыкул вядомага з прарасiйскіх поглядаў Льва Крыштаповіча “Што хвалюе каталіцкіх лідэраў у Беларусі і іх польскіх куратараў”.