На Дзятлаўшчыне двое падлеткаў камянямі разбілі шыбы ў машынах. Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелTa, супраць іх распачата крымінальная справа.
Аўтаўладальнікі звярнуліся ў дзятлаўскi РАУС. Каля пасёлка Наваельня невядомыя закідалі машыны камянямі. У выніку ў «Аўдзі» і «Фальксвагена» былі выбітыя шыбы.
— У здзяйсненні гэтага злачынства падазраюцца двое вяскоўцаў. Аднаму 14, другому 16. Маладыя людзі прызналі віну і заявілі, што рабілі ўсё гэта дзеля забавы, паведамілі ў міліцыі.
Цяпер распачата крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства». Адказнасць па гэтым артыкуле пачынаецца з чатырнаццацігадовага ўзросту.