29 кастрычніка — чорны дзень беларускай гісторыі. У 1937 годзе савецкая ўлада за адну ноч расстраляла 132 прадстаўніка беларускай інтэлігенцыі – гісторыкаў, навукоўцаў, пісьменнікаў, драматургаў і мастакоў.

Сярод іх 22 літаратары — выдатныя паэты і пісьменнікі. Таму пяты год запар у Беларусі ва ўрочышчы Курапаты ладзяць «Ноч расстраляных паэтаў». Сёлета да акцыі далучыліся беларускія дыяспары з розных краін свету: Польшчы, ЗША, Нямеччыне ды іншых. У гэты дзень беларусы збіраюцца, каб ушанаваць памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.

Да акцыі далучыліся еўрапейскія дыпламаты ў Беларусі, яны наведалі Курапаты, дзе ўсклалі кветкі да мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Прапагандысты з БТ, СТБ і СБ спрабавалі іх справакаваць.

Паводле афіцыйнай інфармацыі ў 1930—1950-я гады ў Беларусі было рэпрэсіраваных каля 600 тысяч чалавек. Каля 200 тысяч з іх загінулі. Мяркуецца, што каля 30 тысяч расстраляных пахавана ў Курапатах. Гэта далёка няпоўныя лічбы, больш за мільён беларусаў спазнала рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе, падлічыў гісторык і даследнік савецкіх рэпрэсій Ігар Кузьняцоў.

Ва Украіне ў гэтыя дні прэзентавалі вялікі мэдыяпраект «Дыялог памяці», які прысвечаны расстраляным у 30-я гады беларускім і ўкраінскім паэтам.

polskieradio.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)