Улады аўтаноміі Курдыстана заяўляюць, што гатовыя аказаць падтрымку мігрантам, якія засталіся на польска-беларускай мяжы. Курдскія ўлады заклікаюць сваіх суайчыннікаў вярнуцца. Менавіта з Ірака і аўтаноміі Курдыстана беларускія службы апошнім часам даставілі на польска-беларускую мяжу найбольшую колькасць мігрантаў. Нагадаем, раней з-за выкарыстання мігрантаў беларускім рэжымам улады Ірака прынялі рашэнне аб закрыцці ганаровых консульстваў Беларусі ў Багдадзе і Эрбілі.
Зіяд Раоф, прэс-сакратар курдскага ўрада ў Польшчы, заявіў, што яго офіс будзе дапамагаць курдам, якія жадаюць вярнуцца на радзіму.
«Гэта нашыя грамадзяне. Мы хвалюемся з-за таго, у якой складанай сітуацыі яны апынуліся. Мы б хацелі, каб, перш за ўсё, яны зразумелі, што іх увялі ў зман, і што рашэнне пакінуць краіну, звяртаючыся да кантрабандыстаў, якія рабілі гэта толькі, кіруючыся сваімі матэрыяльнымі інтарэсамі, было няслушным», , — сказаў прэс-сакратар.
Прадстаўнік курдскага ўрада ў Польшчы таксама адзначыў, што ўлады як Ірака, так і аўтаноміі Курдыстана праводзяць шырокую інфармацыйную кампанію ў СМІ і паказваюць, як выглядае рэальная сітуацыя з мігрантамі ў Беларусі.