Тэма сталінскіх рэпрэсій у Беларусі для мяне вельмі блізкая па асабістых прычынах. Вось чаму я вырашыў прачытаць гэтую забытую ўжо публiкацыю. У святле сённяшніх падзей гэтая кніга здаецца вельмi актуальнай. Гэта помнік, доказ таго, якую цану заплацілі і польская, і беларуская нацыі падчас г.зв «вызвалення» камуністамі. Гэта кнiга нагадвае нам пра трагічныя падзеі, якія папярэджвалi г.зв вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь. Многія сем’і ў Беларусі пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій. Гэтак адбылося і з маёй сям’ёй. Мой прадзед Казімір Касінскі быў адпраўлены ў Сібір пасля вайны 1939 года, а пасля 1941 года яму ўдалося папоўніць шэрагі арміі Андэрса. Пасля вайны мой дзед Пётр Борадын правёў шмат гадоў у лагерах у Казахстане за сваю дзейнасць у польскiм незалежнiцкiм падполлі. 

Аўтар кнігі Яўген Гарэлік-вядомы беларускі даследчык сталінскіх рэпрэсій. Ён зацікавіўся гэтай тэмай у часы “перабудовы”, калі ў Курапатах пад Мінскам былі выяўлены магілы соцень тысяч людзей. Быў выпускніком журфака БДУ. Працаваў у газетах, інфармацыйным агенцтве СССР і ў прэс-службе Садружнасці Незалежных Дзяржаў у Мінску. Сярод яго найбольш вядомых прац-“Курапаты-следчыя дзеянні працягваюцца”, напісаныя ў суаўтарстве з Георгіем Тарнаўскім і Валерам Собалевым, і “Курапаты. Польскі след”, за які аўтар быў узнагароджаны ў 1996 годзе навуковым часопісам “Przegląd Wschodni”. 

Я лічу, што як на тыя часы гэта даволі каштоўная i салiдная праца, напэўна, яшчэ і таму, што аўтар быў адным з першых беларускіх гісторыкаў, якія адкрылі праўду пасля доўгіх гадоў савецкай цэнзуры і маўчання па пытаннях сталінскіх рэпрэсій. Гэта не першая публiкацыя, якая займалася тэмай Курапатаў. Першай такой публікацыяй, быў артыкул, які з’явіўся 3 чэрвеня 1988 г. у газеце “Літаратура і мастацтва” аўтарства Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога смерці”. Пазней былі створаны такія манаграфii, як “Курапаты-следчыя дзеяннi працягваюцца”, напісаныя ў суаўтарстве (Тарнаўскі Г., Собалеў В., Гарэлік Я.), “Прабач мяне …” Адамушка В. і інш. Аднак, асмелюся сказаць, што гэта першае такое ўсебаковае навуковае выданне, якое апісвае лёс палякаў падчас сталінскіх чыстак у СССР. У кнізе асвятляецца перыяд польскай аперацыi НКУС у 1937-1938 гадах, а таксама апісваюцца наступствы дзеянняў савецкіх уладаў супраць палякаў пасля т.зв. «вызваленчага пахода» Чырвонай Арміі ў верасні 1939 года. Мэтай аўтара гэтай кнігі было, перш за ўсё, паказаць лёс людзей, якія скончылі сваё жыццё ў катавальнях НКУС і ссылках, пра што аўтар піша ва ўступе і пра што сведчаць шматлікія дадаткі i спiс імёнаў асуджаных. Аўтар абапіраецца на архіўныя савецкія дакументы, яму таксама ўдалося атрымаць доступ да дакументаў з сакрэтных архіваў КДБ Беларусі і расійскай контрвыведкі ФС, раней недаступных для звычайнага грамадзяніна. У ім таксама апісваюцца многія горкія падзеі на аснове ўспамінаў жыхароў беларускіх гарадоў і вёсак, якія былі сведкамі і ўдзельнікамі тых змрочных падзей. 

Польскі след у Курапатах быў выяўлены ў 1988 годзе, калі ў выніку эксгумацыі былі знойдзены шматлікія прадметы з надпiсам “Зроблена ў Польшчы”. Аўтар кнігі задае важныя пытанні. Як яны сюды патрапілі? Кiм былі іх гаспадары? Як гэта адбылося? Згодна з раскрытымі дакументамі, большасць з іх былі забітыя, таму што яны былі польскага паходжання або былі нейкім чынам звязаныя з Польшчай. Гэтых людзей аб’яднаў агульны, несправядлівы лёс. Падвергнуўшыся катаванням, яны прызнавалі сваю віну. Потым іх прысуджалі да смяротнага пакарання. Людзей перавозілі па гравійнай дарозе, якая цягнулася ад Лагойскага тракту да Заслава, а потым да польскай мяжы. Мясцовыя жыхары называлі яе “дарогай смерці”.  Гэтыя імёны і прысуды былі апублікаваныя толькі ў 1990 -я гады. Амаль усе ахвяры былі абвінавачаныя ў нібыта шпіянажы на карысць Польшчы з мэтай аддзялення Беларусі ад Савецкага Саюза. Усе пахаваныя належалі да мірнага насельніцтва. У асноўным гэта былі людзі з ніжэйшых сацыяльных слаёў, таксама былі знойдзены прадстаўнікі інтэлігенцыі і жанчыны. Большасць ахвяр польскага паходжання былi забiтыя падчас г. зв «Польскай аперацыi НКУС» 1937-1938 гг. Устаноўлена, што пахаваныя паходзяць з розных рэгіёнаў цяперашняй Беларусі. Большасць з іх паходзіла з тэрыторый Другой Польскай Рэспублікі, уключаных у склад СССР у 1939 годзе. 

НКУС расстрэльвала людзей у Курапатах, Драздах, Масюкоўшчыне і іншых месцах. Сёння там засталiся толькі брацкія магілы. На падставе аналізу дакументаў КДБ аўтар прыйшоў да высновы, што агулам у Беларусі было расстраляна 25 064 чалавекі. Аднак ёсць шмат абставін, якія паказваюць на тое, што гэтая лічба не поўная. Вядомы беларускi палiтычны i грамадскi дзеяч Зянон Пазняк звяртае ўвагу на тое, што рэальная колькасць пахаваных у Курапатах можа дасягаць 220-250 тысяч, бо ёсць магілы большыя, чым тыя, што даследаваліся, а таксама шматлікія магілы, якія былі знішчаны ў 1950-1960 -я гг. 

Даследчыкі пасля завяршэння працэсу эксгумацыі парэшткаў у 1988 года, адзначылі ў сваім дакладзе, што нехта ўжо праводзіў эксгумацыю на гэтым месцы, на што паказвае значнае разыходжанне ў колькасці знойдзеных чэрапаў і пар костак. Польскі інстытут нацыянальнай памяці неаднаразова прасіў улады Беларусі аб магчымасці далейшых эксгумацый у Беларусі. Аднак толькі ў 2017 годзе навукоўцы з ІНП ўпершыню за шмат гадоў правялі ў Беларусі археалагічныя і эксгумацыйныя работы. Дагэтуль многія ахвяры сталінізму ў Беларусі не маюць годнага месца пахавання, і ўсе месцы злачынства да гэтага часу не даследаваны. Таму варта ўлічваць, што гэтая лічба не канчатковая. 

Спрэчным пытаннем вакол Курапатаў з’яўляецца справа польскіх афіцэраў з Катынскага растрэльнага спісу. Аўтар кнігі не знайшоў пацверджання ў гэтай справе. Аднак ён задае пытанне: “Хто ведае, якія таямніцы схаваныя ў 500 пакінутых, яшчэ некранутых магілах?” Гэта сапраўды так, бо старонкі гэтай таямніцы застаюцца невядомымі і па сённяшнi дзень. Зыходзячы з савецкіх дакументаў, большасць гісторыкаў прызнае існаванне беларускага катынскага спісу (дакумента, які змяшчае імёны сотняў палякаў, забітых у турмах сталіцы БССР), але месцы іх спачыну невядомыя. З запіскі кіраўніка КДБ СССР А.Шэлепіна ад 3 красавіка 1959 г. вынікае, што ў Беларусі было пакарана смерцю 3870 чалавек з Катынскага спісу. Некаторыя беларускія нацыяналістычныя колы адмоўна ставяцца да ўшанавання памяці польскіх салдат. На думку Зянона Пазняка, лідара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ, ініцыятыва ўшанавання памяці польскіх жаўнераў-гэта спроба фальсiфікацыі гістарычнай праўды і намер стварыць медыйны ажыятаж, накіраваны на “пераарыентацыю ў свядомасцi людзей Курапатаў (як помнік генацыду бальшавікоў) на месцы забойстваў польскіх афіцэраў з Катынскага спісу. 

Кніга выйшла ў 1996 годзе, калі ў тагачаснай прапагандзе гаварылася пра нібыта нямецкiя злачынствы ў Курапатах. Аднак пасля ўсіх наступных расследаванняў гэтую тэму сталі пазбягаць усімі магчымымі спосабамі. Улады не толькі праігнаравалі гэтае пытанне, але і ставілі розныя перашкоды для ўвекавечання памяці ахвяр сталінізму. З таго часу нічога не змянілася. Афіцыйная гістарыяграфія i надалей імкнецца да рэабілітацыі сталінізму. 

 

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)

пра аўтара

Władysław Boradyn

Władysław Boradyn

Cтудэнт Цэнтра усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. Актывiст Фонду «Młode Kresy» i cябра Саюза палякаў на Беларусі. Стваральнік і рэдактар блога nowogrodczyzna.jimdo.com, мэтай якога з'яўляецца папулярызацыя польскай гісторыі і культурнай спадчыны Навагрудчыны.