Больш за паўсотні чалавек сабраліся ўвечары ля помніка бл. ксяндза Ежы Папялушкi ў Беластоку, каб выказаць салідарнасць cа зняволенымі актывістамі польскай меншасці ў Беларусі Анжалікай Борыс і Анджэем Пачобутам. Падчас акцыi людзей таксама заклікалі пісаць лісты і калядныя паштоўкі арыштаваным актывістам.

У акцыі прынялі ўдзел актывісты польскай меншасці з Беларусі, беларуская меншасць з Падляшша і проста жыхары Беластока. Падчас акцыі актывістка СПБ Марыя Цішкоўская нагадала, што Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут сядзяць за кратамі за навучанне польскіх дзяцей і моладзі, захаванне нацыянальных традыцый, святкаванне рэлігійных святаў і догляд за памятнымі месцамі.

Толькі за першыя дні жыхары Беластока адправілі больш за трыццаць лістоў Анжаліцы Борыс і Анджэю Пачобуту.

Напісаць святочную паштоўку палітвязням можа кожны. Акцыя будзе доўжыцца месяц — прыняць удзел у ёй можна, наведаўшы беластоцкую сядзібу Таварыства “Wspólnota Polska” на вуліцы Кілінскага, 13.

Супраць актывістаў Саюзу палякаў былі выстаўленыя абвінавачанні па арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Распальванне варожасці»). За гэта лідарам польскай меншасці ў Беларусі пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы.Праваабаронцы прызналі Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута палітвязнямі.

fot. PAP/Artur Reszko

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)