Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову нумар 700 “Аб прымяненні спецыяльных мер да асобных відаў тавараў”. Гэта адказ беларускага рэжыму на новыя санкцыі, абвешчаныя заходнімі краінамі.
У пастанове вызначаны катэгорыі тавараў, якія забароненыя да ўвозу і продажу на тэрыторыі Беларусі. Забарона распаўсюджваецца на прадукцыю з Еўразвяза, ЗША, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Вялікабрытаніі, Чарнагорыі і Швейцарыі.
У пералік уключаны наступныя тавары: мяса, малочная прадукцыя, садавіна і гародніна, арэхі, кандытарскія вырабы, соль і іншыя катэгорыі.
Афіцыйны Мінск падкрэслівае, што гэта адказ на “спробы незаконнага санкцыйнага ціску з боку калектыўнага Захаду”. У заяве гаворыцца, што з-пад эмбарга выключаны тавары для індывідуальнага карыстання, дзіцячае харчаванне і шэраг іншых тавараў «найважнейшага імпарту».
Пастанова ўступіць у сілу з 1 студзеня 2022 года і будзе дзейнічаць 6 месяцаў.