17 верасня 1939 года паводле сакрэтнага пратакола да пакту Рыбентропа-Молатава войскі Чырвонай Арміі атакуюць ўсходнія рубяжы Польшчы. З-за перагрупоўкі частак Войска Польскага на Заходні фронт Чырвоная Армія не сустрэла адмысловага супраціву. Выключэнне складае гераічная абарона мяжы слабымі часткамі Корпуса Аховы Памежжа.
Да такіх выключэнняў можна залiчыць абарону дазорнай вышкi ў Бaсманах непадалёк ад Рубяжэвічаў, дзе капрал Заяц паспяхова адбіў атаку Чырвонай Арміі і дазволіў адступіць воінам, якiя засталicя на месцы. Большасць салдат КАП з Навагрyдчыны далучыліся да войска генерала Клееберга і ваявалі з немцамі пад Коцкам. Тыя, хто застаўся і здаўся ў палон Чырвонай Армii, былі ўнесены ў «Катынскі спіс».
Новыя парадкі
Адразу ж пасля савецкай агрэсіі захопнікі ствараюць новы адміністрацыйны падзел. На месцы Навагрудскага ваяводства ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 снежня 1939 года ствараецца Баранавіцкая вобласць са сталіцай у Баранавічах. Падрабязнасці гэтага рашэння палітычнага кіраўніцтва СССР аб пераносе сталіцы нам невядомыя да гэтага часу. Але з упэўненасцю можна сказаць, што галоўнай прычынай было гістарычнае значэнне Навагрудка, прытрымліваючыся прыкладу ранейшых дзеянняў царскіх уладаў.
Горад, які сыграў значную ролю ў станаўленні Вялікага княства Літоўскага, з даўнімі традыцыямі ваяводскага горада з часоў Рэчы Паспалітай, але таксама і Польскай Рэспублiкi, ад гэтай пары быў паніжаны да рангу звычайнага правінцыйнага гарадка. Замест паветаў ствараецца 26 раёнаў. Такая шчыльная адміністрацыйная сетка забяспечвала лепшае кантраляванне на акупаваных тэрыторыях. У кожным раёне былі створаны ўласныя службы бяспекі і органы НКУС.
Бальшавікі ўвайшлі ў Навагрудак 17 верасня – у 20.00. Спачатку савецкія бамбавікі скінулі на горад ўлёткі, напісаныя на ламанай польскай мове, у якіх абвяшчалася аб хуткім вызваленні «ад панскага прыгнёту». Па ўспамінах адной з жыхарак Вольгі Храптовіч-Буцянёвай: «Вызваленчы паход уварваўся ў горад гулам матораў савецкіх танкаў і самалётаў, выбухамі скінутых бомбаў. На вуліцах ўзняліся вогненныя слупы, затым успыхнуў пажар». Часткі Чырвонай Арміі не сустрэлі на вуліцах ні душы, у горадзе панавала цішыня.
Толькі на наступны дзень частка жыхароў беларускай і яўрэйскай нацыянальнасцяў радасна сустракалі Чырвоную Армію. Аднак для многіх жыхароў, у асноўным палякаў, гэта было балючым успамінам. Вось як гэта ўспамінала жыхарка Навагрудка Соф’я Борадын: «Мы глядзім на нашых суседзяў, дачка якіх была нашым «пастаянным госцем», як яны сустракаюць савецкі «таварышаў». Да нас прыязджае гаспадыня, мы ўжо жывем з сям’ёй Мацкевічаў (гэта бліжэй да рынкавай плошчы), яна кажа нам, каб мы знялі значкі гімназіі, таму што бальшавікі не любяць вучняў польскай гімназіі. Праз некалькі гадзін мы засталіся без радзімы, на водкуп чужой краіне, супраць якой не здзяйснялі ніякіх злачынстваў, і нас ужо судзілі. Гэта ўсведамленне прыйшло да нас пазней».
Рабунак ды бандытызм
У першыя дні акупацыі па Навагрудчыне пракацілася хваля нападаў, крадзяжоў і забойстваў. Крымінальныя элементы i асобы, якiм была блізкая ідэалогія камунізму, з адабрэння новых уладаў арганізуюць бандыцкія і рабаўніцкія акцыі супраць пасяленцаў, памешчыкаў, багатых сялян і паліцэйскіх. Адны былі забітыя карнымi органамi ды мясцовымі жыхарамі, іншыя дэпартаваныя ў Сібір. Такі лёс напаткаў сярод іншых нашчадка Тадэвуша Рэйтана – Генрыка Грабоўскага з Грушаўкі, забітага сялянамі. Некаторыя жыхары маёнтка у Тучы загінулі ў ссылцы ў глыбі Савецкага Саюза.
17 верасня, перад прыходам савецкіх войскаў, у гміне Нягневічы былі забітыя сем палякаў: Ян Маек, Пётр Журэк, Вацлаў Дзешчанка, Юзэф Волчак, Станіслаў Вільчэк, ваенныя пасяленцы і кавалі з вёсак Сланеўская Воля і Весалова, імёны якіх дасюль невядомыя. Іх жонкі і непаўналетнія дзеці таксама былі арыштаваны. Скрадзеную маёмасць пасяленцаў прысвоілі ў асноўным чальцы т.зв. «Рэвалюцыйных камітэтаў».
У гміне Шчорсы забойствы былі здзейсненыя на “законных падставах”. Быў створаны Рэвалюцыйны трыбунал, які прысудзіў дванаццаць “абвінавачаных” да смяротнага пакарання. Перад пакараннем ахвяраў падвяргалі страшным катаванням. Аналагічныя забойствы былі здзейсненыя ў гміне Цырын. Такіх выпадкаў на Навагрудскай зямлі было шмат. Апошняга прадстаўніка дваранскага роду О’Руркаў ва Уселубе бальшавікі выкралі з маёнтка, i больш яго ніхто ня бачыў. Верагодна, яго застрэлілі. Жыхары Уселюба дагэтуль са слязамі на вачах ўспамінаюць, што стары граф быў велікадушны і меў да іх добрае стаўленне. І калі, седзячы на простым возе, ён развітваўся назаўсёды з Уселюбам, то прыўзняў капялюш i пакланіўся перад сялянамi.
Толькі на тэрыторыі Навагрудскага павета ахвярамі банд сталі ня менш за 25 чалавек. На сённяшнi момант складана дакладна злічыць, колькі нашых суайчыннікаў было забіта падчас т.зв. пераходнага перыяду – гэта значыць на працягу некалькіх дзён, калі польскія ўлады сышлі, а новыя яшчэ ня прыбылі, таму што ніхто ня рэгістраваў гэтыя падзеі. Падобныя дзеянні спыніліся толькі пасля таго, як новая адміністрацыя ўзяла сітуацыю пад кантроль.
Па дадзеных Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці ў 1939-1941 гг. толькі ў Навагрудскім павеце было разрабавана 43 памешчыцкіх маёнтка, а ва ўсім Навагрудскім ваяводстве – 150. З палацаў вывозілі вялізныя калекцыі карцін, партрэты XVIII-XX стагоддзяў, фарфор з XVIII стагоддзя, рэдкія кнігі на польскай, беларускай, лацінскай, французскай мовах, золата, срэбра і іншыя дарагія рэчы. Гэта была праява звычайнага бандытызму і жаданне барацьбы са “старым феадальным ладам”. Гэтыя дзеянні былі загадзя санкцыянаваны зверху. Пра гэта сведчаць афіцыйныя дакументы. З пратаколу № 9 пасяджэння Упраўлення ЦК КП(б)Б пра лёс замка ў Нясвіжы ад 5 лiпеня 1940 г.: «… маёмасць рэалізаваць праз дзяржаўны гандаль …» На думку польскіх гісторыкаў, страты ад двухгадовага савецкага праўлення на «вызваленых тэрыторыях» могуць скласці больш за два мільярды злотых.
«Гаспадарам забіраюць іх дамы, пакідаючы толькі невялікi пакойчык, каб можна было выжыць, і здаюць іх арандатарам, якіх дасылаюць з выканкама. З турмы выпусцілі злачынцаў, аказваецца, усё сядзелі за «ідэю». Наш участковы- яўрэй, быў кавалём, сядзеў за звычайнае злачынства, але яго павысілі да міліцыянера», – успамінае Соф’я Борадын.
Эканамічная разруха
З фарміраваннем новай мясцовай адміністрацыі савецкая ўлада ўводзiць новую эканамічную палітыку. Цэнтралізаваная планавая эканоміка замест чаканых многімі паляпшэнняў прывяла да значнага зніжэння ўзроўню жыцця. У выніку нацыяналізацыі прамысловасці колькасць фабрык і малых прадпрыемстваў зменшылася. А гэта ў наступстве павялічыла беспрацоўе. У адрозненне ад польскай дзяржавы, у Савецкім Саюзе не было дапамогi па беспрацоўі. Ўзнікла праблема з пастаўкамі тавараў першай неабходнасці ў гарады, што прывяло да харчовага крызісу.
“Дзе крамы? Куды ўсё гэта падзелася? Усё ўжо нацыяналізавана, няма нічога прыватнага. У вітрынах крам можна ўбачыць выразаныя з фанеры “вяндлiны” і іншыя тавары. Чэргі па цукар і мыла, – пісала ў дзённіках Соф’я Борадын.
На тэрыторыi ўcёй Баранавiцкай вобласцi былi ўведзены так званыя талоны на ежу, за якія можна было купіць хлеб. Вольга Храптовіч-Буцянёва напіша напрыканцы жыцця: «Найважнейшым для мяне стала знайсці якую-небудзь працу, каб дастаць карткі на хлеб. Нечакана падчас усяго гэтага хаосу на галоўнай вуліцы (Навагрудка) адкрылі музычную школу. З прыватных кватэр прынеслі лаўкі і столікі, а над эстрадай павесілі партрэты Леніна і Сталіна. Мы абавязаны былі два разы на тыдзень прыходзіць на сход. Дырэктар чытала агітку з вядомымі савецкімі лозунгамі і iнструкцыямi працы для развіцця мастацтва. Пасля слабых апладысментаў мы разыходзіліся па дамах, але ў кішэні кожны меў каштоўную картку на хлеб. Горш было з вучнямі … У школе папросту не было ніводнага вучня”.
Ўвядзенне высокіх падаткаў і спробы калектывізацыі выклікалі ўсё большую незадаволенасць. Дзеянні Саветаў у галіне сельскай гаспадаркі выклікалі супраціў сярод часткі сялян. Пасля ўвядзення ўвесну 1940 г. натуральных падаткаў (квот) практычна ні адзін селянін не мог выканаць свае пастаўкі. У іх памеры не ўлічваўся тып апрацоўванай глебы – яны ўносіліся раўнамерна з улікам толькі плошчы валоданнай зямлi. Абцяжараныя непасільнымі падаткамі, многія з настальгіяй ўспаміналі польскія часы. Аб гэтай з’яве сведчаць некаторыя данясеннi з таго перыяду. Напрыклад, жыхарка Быценя са Слонімскага раёна Галіна Труш распавядала, што тыя, хто чакаў бальшавікоў і цяпло іх вітаў, праз некалькі месяцаў прыйшлі ў прытомнасць і былі выпадкі адстаўкі са службовых пастоў савецкай улады.
Згодна з распараджэннямi камуністычнай партыі Баранавіцкага абкама, часта адбіралася маёмасць ў сялян, якія мелі зямельныя надзелы 7-13 гектараў, пры гэтым канфіскоўвалі кішэнныя гадзіннiкi, жаночую бялізну і іншыя рэчы. Высяленне жыхароў з іх уласных кватэр і дамоў было нармальнай з’явай. Толькі ў пачатку 1940 года старшыні Аблвыканкама было пададзена больш за 300 скаргаў на незаконныя высяленнi і крадзяжы. Аднак ніхто з чыноўнікаў акупацыйнай адміністрацыі не занепакоіўся незаконнай дзейнасцю рабаўніцкіх банд. Яшчэ адной аперацыяй акупацыйных уладаў стала прымусовае высяленне з хутароў. У выніку пастановы ЦК партыі і Савета Народных Камісараў СССР з чэрвеня 1940 г., паводле афіцыйных дадзеных, было пераселена ўсяго 44 557 гаспадарак. Улада, якую ў прапагандзе называлі «народнай», кінула ўсе свае сілы супраць сялян. Згодна з савецкімi крыніцамi, план 1940 года быў перавыкананы амаль на 11,5%: было пераселена 51 616 двароў.
Гэта сітуацыя паўплывала на сацыяльныя настроi сярод мясцовага насельніцтва. У Баранавічах апытаныя на рынку беларусы заявілі, што за апошнія 20 гадоў Польшча хацела зрабіць з іх палякаў і не магла гэтага зрабіць, а камуністы здолелі зрабіць гэта на працягу некалькіх месяцаў. Аб маштабах гэтай з’явы сведчыць колькасць арыштаваных у Заходняй Беларусі ў 1939-1941 гадах “змоўшчыкаў і паўстанцаў”, беларусаў (у асноўным сялян), якая складала 14%, а сярод “антысавецкіх агітатараў” – аж 31%.
Тэрор і дэпартацыі
Як вынiкае з ўспамiнаў першага ваеначальніка Навагрудка, разам з атрадам чэкістаў ў сталіцы ваяводства з’явіліся першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі П. Панамарэнка і камісар дывізіі І. Сусайкоў. У сваёй кнізе «Злом. 1939-1942» Вольга Храптовіч-Буцянёва пісала пра арышты на працоўных месцах, на дарогах, на вакзалах … Маршал Андрэй Яроменка ўспамiнаў, што стрэлы гучалі ўсю ноч 17 студзеня, а затым 18 і 19 студзеня. Верагодна, гаворка ішла аб так званых зачыстках – рэпрэсіўных дзеяннях супраць мірнага насельніцтва. Фільтрацыі падвяргалася ўсё гарадское насельніцтва. У спіс «недабранадзейных элементаў», акрамя прадстаўнікоў польскай адміністрацыі і салдат, ўваходзіла ўсё духавенства. Сёння цяжка вызначыць дакладную колькасць людзей, якія ў гэты перыяд сталі ахвярамі так званых зачыстак. Па падліках беларускага даследчыка Адамушка, у 1939-1940 гадах у ваяводствах, якія знаходзiлiся пад савецкай акупацыяй, было забіта 28 425 чалавек.
Другая хваля рэпрэсій прыпадае ўжо на 1940-1941 гг. Найбуйнейшай антыпольскай аперацыяй лiчыцца дэпартацыя насельніцтва 10 лютага, 13 красавіка, 29 чэрвеня 1940 г. i 19-20 чэрвеня 1941 г. Паводле дадзеных беларускага гісторыка Аляксандра Хацкевiча, у рамках трох аперацый з ваяводства ў Сібір было дэпартавана больш за 22 000 чалавек. На думку польскіх гісторыкаў, гэтая лічба у некалькі разоў большая.
Вось як ўспамінала гэтыя падзеі Соф’я Борадын: «13 красавіка. Снег ідзе вялiкiмі камякамі. Людзей зноў вывозяць. Панi Марыя Мазурава з маленькай Алінкай, Прушынскіх, якія жылі ў доме пана Войтка, спадарыню Лебедзеву з дзецьмі (яе муж пайшоў на вайну), Шагiдзевiчаў, нявестку і ўнучку пані Феліцыі. Кардзякоў вывезлі 10 лютага, засталася толькі бабуля. Пасля той дэпартацыі (мы ўжо былі сабраныя) прыехаў шавец Лiпхiн, ён нас ведаў, бо бацька заўсёды замаўляў у яго абутак. Ён кажа: «Вас абавязкова вывезуць. Зараз забяру вашу мэблю, а потым буду адпраўляць вам пасылкі ў Расію». А пакуль ён папрыносіў стары абутак, які ўжо выйшаў з моды. Мама пагадзілася, і ўвечары новую шафу, 4 крэслы, канапу, этажэрку, усё новае, нядаўна купленае, перавезлі да Ліпхіна. У нас тут няма сваякоў, так што гэта было адзінае выйсце з сітуацыі, якая склалася. Засталiся стол, канапа на дваіх і нашыя ложкi. Людзі ўмеюць карыстацца няўпэўненасцю і разгубленасцю – бралі цацкі на ёлку, паштоўкі з алейным жывапісам, паколькі яны нам не спатрэбяцца ў Сібіры ці Казахстане».
Вольга Храптовіч-Буцянёва так апісвае тыя падзеi ў сваіх мемуарах: «Пад вечар 12 красавiка гэдак жа, як i ў лютым, горад (Навагрудак) быў запоўнены транспартам, санямi, грузавiкамі… Наблiжалася ноч, а разам з ёй людзей зноў прыгнятаў страх. Мы былi адносна спакойныя. Што мы былi павiнны рабiць, застаўшыся ў гэтым абложаным месцы, пад пагрозай пастаянных вобыскаў i праследаванняў, без навiн ад свету i без магчымасцi як-небудзь дапамагчы вывезеным?”
Акцыі дэпартацыі спынiлiся толькі пасля нямецкага наступлення ў чэрвені 1941 года.