У чацвер беларускі палітык Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу па рэалізацыі гістарычнай палітыкі. Была закранутая і абмяркоўвалася тэма гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
На думку Лукашэнкі, Беларусь пад яго ўладай павінна адэкватна ацэньваць пэўныя гістарычныя перыяды: «Калі сёння літоўцы і палякі адмаўляюць уклад беларускай нацыі ў развіццё такіх гістарычных форм дзяржаўнасці на нашых землях, як Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая, дык што нам перашкаджае адэкватна ацэньваць гэтыя перыяды. Напрыклад і ў падручніках гісторыі, і ў замкавых і музейных экспазіцыях назавем перыяд РП – акупацыя Беларусі палякамі. Беларускі этнацыд. А чым гэта было для нашых продкаў?» – сказаў Лукашэнка.
Сённяшняя Літва, на думку Лукашэнкі, узурпавала ўсю гісторыю Вялікага Княства Літоўскага: «Што там было літоўскае? Мова наша і на ёй напісана Канстытуцыя. Пануючай верай было праваслаўе. Тэрыторыі пераважна беларускія, украінскія, часткова рускія землі. Людзі на 80% нашыя, славяне. І гэта галоўныя атрыбуты і прыкметы дзяржаўнасці. Калі Полацкае і Тураўскае княствы грымелі па ўсёй Еўропе як цэнтры духоўнасці і асветы, продкі літоўцаў яшчэ жылі ў цемры паганства і вялі першабытную гаспадарку», — дадаў Лукашэнка.