Як паведаміла ў сваім твітэры Польская памежная служба, 19 і 20 студзеня нелегалы, у асноўным з Блізкага Ўсходу, спрабавалі прарвацца праз польскую мяжу і трапіць у ЕС.
19 студзеня група імігрантаў сілавым метадам намагалася прарваць польскую мяжу каля мястэчка Мельнік. Супрацоўнікі памежнай службы Польшчы сарвалі спробу незаконнага перасячэння мяжы, у выніку чаго былі затрыманыя грамадзяне Ірака, Сірыі, Гвінеі, Пакістана і Індыі. У прарыве мяжы нелегалаў падтрымлівалі беларускія памежнікі. Таксама імігранты паводзілі сябе вельмі агрэсіўна, у выніку чаго салдат польскай арміі атрымаў удар каменем у галаву, яго даставілі ў бальніцу.
На наступны дзень яшчэ большая група імігрантаў спрабавала нелегальна трапіць у Польшчу. На ўчастку польска-беларускай мяжы, побач з мястэчкам Пласка, група 13 іракцаў перайшла на польскі бок па замерзлай паверхні памежнага возера Вязовец. Побач з горадам Чарэмха група 49 чалавек таксама спрабавала перасекчы польскую мяжу. Былі затрыманыя грамадзяне Турцыі, Шры-Ланкі, Ірака, Емена і Сірыі.