Як паведамляе сайт Саюза палякаў Беларусі znadniemna.pl , у каталіцкіх катэдрах Варшавы, Вільні і Прагі, а таксама храмах Полацка, Мінска і італьянскай Падуі адбыліся набажэнствы за Францішка Скарыну — гуманіста, мысліцеля-асветніка, філосафа і перш за ўсе беларускага першадрукара і піянера усходнеславянскага кнігадрукавання.
У набажэнствах прынялі ўдзел прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і рэлігійных канфесій. Вернікі маліліся за хуткае вызваленне беларускіх палітвязняў і за дар свабоды для ўсяго беларускага народа.
У Варшаве святая Імша адбылася ў катэдры св. Яна Хрысціцеля, дзе падчас набажэнства да вернікаў звярнулася прадстаўнік галоўнай рады Саюза палякаў Беларусі, Ірэна Бернацкая. Яна заклікала прысутных маліцца за лідараў СПБ, зняволеных праз рэжым Аляксандра Лукашэнкі: старшыню СПБ Анжаліку Борыс і члена галоўнай рады СПБ Анджэя Пачобута.
На набажэнстве у Варшаве, акрамя актывістаў Саюзу палякаў Беларусі, прысутнічалі беларусы рэпрэсаваныя за палітычныя погляды на сваей радзіме, а таксама вядомыя асобы са сьвету беларускай палітыкі, такія як Аляксандар Мілінкевіч і Павел Латушка.