Брэсцкі абласны суд вынес прысуд жыхару Пінска Дзмітрыю Жынусаву за ўдзел у баявых дзеяннях у Данецкай вобласці ва Украіне. Пра гэта паведаміў дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 4».
З сакавіка па кастрычнік 2021 года жыхар Пінска прымаў удзел у баявых дзеяннях ва Украіне, а затым вярнуўся на радзіму. Згодна з беларускім заканадаўствам, грамадзянін Беларусі не можа служыць ва Узброеных сілах іншай краіны.
Паводле афіцыйных звестак, грамадзянін Беларусі быў асуджаны як найміт. Яго асудзілі на 2,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён павінен выплаціць дзяржаве больш за 10 000 рублёў у якасці «даходаў ад злачыннасці».