Беларускі грэка-каталіцкі святар Васіль Ягораў аштрафаваны за налепку «Украіна, прабач». Айцец Васіль — шматдзетны бацька, абаронца традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў.
Айцец Васіль выконвае душпастырскае служэнне ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Магілёве і Трох Святых Іерархаў у Гомелі, шматдзетны бацька, абаронца традыцыйных сямейных каштоўнасцяў. Актыўна дзейнiчае ў дабрачынным фондзе «Адкрытыя сэрцы».
28 сакавіка суд Магілёва, паводле папярэдняй інфармацыі, прызнаў айца Васіля вінаватым у незаконным пікеце і аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1600 руб.).
Да суду святара трымалі за кратамі ў ізалятары на працягу трох дзён. Прычынай затрымання 25 сакавіка названа тое, што на аўто ўніяцкага святара сілавікі заўважылі налепку з надпісам «Украіна, даруй». Падрабязнасці невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Другі затрыманы нядаўна святар – пробашч рымска-каталіцкай парафіі Святога Апостала Андрэя ў Лынтупах (Віцебская вобласць) ксёндз Аляксандр Баран. Па інфармацыі праваабаронцаў, святара затрымалі яшчэ 24 сакавіка, аднак да гэтага часу невядома, у чым яго абвінавачваюць і ці быў суд. Па законе, абвінавачанага ў адміністрацыйным правапарушэнні не могуць трымаць за кратамі больш за трох сутак – гэты тэрмін ужо прайшоў.
katolik.life