Няма і не можа быць апраўдання тым, хто распачынае і вядзе вайну, бо яна не з’яўляецца спосабам вырашэння праблем, але катастрофай, у якой гінуць нявінныя людзі, нішчыцца годнасць чалавека, разбураюцца гарады і інфраструктура, шмат людзей становіцца бежанцамi- нагадаў у сённяшнім пасхальным пасланні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гэты складаны час, калі братняя Украіна перажывае сваю Вялікую пятніцу, а кроў і слёзы забітых, параненых, тых, хто страціў сваіх блізкіх і бежанцаў, лямантуюць да нас (Быц 10, 10), мы не можам быць абыякавымі – гэта значыць тымі, хто страціў здольнасць маральнага выбару і не адрознівае дабро ад зла. Вайна – гэта страшны грэх Каіна, які забіў свайго брата Абэля (пар. Быц 4, 8). Замест Божага вобраза яна бачыць у чалавеку вобраз ворага, якога неабходна знішчыць.
У сваім пасланні кс. арцыбіскуп працытаваў словы пастырскай канстытуцыі «Gaudium et spes» Другога Ватыканскага Сабору, у якой гаворыцца: “вайна – гэта злачынства супраць Бога і чалавека, якое заслугоўвае рашучага і неадкладнага асуджэння (пар. GS 80)”.
Сёння, у свята перамогі Езуса над смерцю, грахом і злым духам, мы звяртаемся да цябе, Міласэрны Уваскрослы Езу: міласціва глянь на залітую крывёю Украіну! Узруш закамянелыя сэрцы адказных за гэтую трагедыю, якая прывяла да гуманітарнай катастрофы і знявагі годнасці чалавека як Божага стварэння, каб яны пачулі плач маці забітых сыноў і дачок, скалечаных людзей, бежанцаў і ўсіх пакрыўджаных, сярод якіх шмат дзяцей, і тэрмінова яе спынілі! Няхай шлях дыялогу, узаемапавагі і прабачэння, умацаваны трывалай малітвай аб міры ва Украіне, да чаго заклікае Папа Францішак, спыніць збройную кананаду, прадухіліць далейшую эскалацыю ваенных дзеянняў, ахвярамі якіх з’яўляюцца людзі з абодвух бакоў супрацьстаяння, і прывядзе да справядлівага міру!- – заклiкае кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
“Езу учыні, каб у нашай Бацькаўшчыне, а таксама ва Украіне і ва ўсім свеце як мага хутчэй запанаваў мір, узаемная любоў, дух прабачэння, свабода і справядлівасць. Благаславі Беларусь, зямлю, на якой мы нарадзіліся, з якой выраслі і якую любім”- гэтымі словамі арцыбіскуп заканчвае пасхальнае пасланне.