12 гадоў таму, 6 чэрвеня 2010 г., рашэннем Папы Бэнедыкта XVI быў узнесены да хвалы алтароў мучанік камунізму, святар, які да канца быў верны праўдзе Хрыстовай – ксёндз Ежы Папялушка.

Яго актыўная пастырская дзейнасць пачалася ў 1979 годзе, на хвалі мірных пратэстаў, калі ён яшчэ быў пробашчам у капліцы св. Ганны пры медыцынскім універсітэце. У сваіх пропаведзях Папялушка крытыкаваў камуністычную сістэму і выказваў сваю падтрымку для барацьбы працоўнага руху «Салідарнасць». Пропаведзі Папялушка рэгулярна трансліраваліся на Радыё Свабодная Еўропа, дзякуючы чаму яны сталі вядомыя ва ўсёй Польшчы.

З увядзеннем ваеннага становішча ён удзельнічае ва ўсіх судовых працэсах супраць сваіх парафіян. Ён цэлебраваў Імшу кожную нядзелю і ў сваіх пропаведзях ён не абмяжоўваўся духоўнымі парадамі, але ўпарта крытыкаваў камуністычны рэжым. Святар адкрыта асудзіў улады за адсутнасць свабоды слова ў краіне, палітычныя забойствы, прымяненне гвалту супраць дэманстрантаў.

Набажэнствы, якія цэлебраваў ксёндз Ежы, збiралі тысячы людзей, за што яму потым давялося заплаціць. Паводле жадання св. Паўла лічыў, што толькі дабром можна перамагчы зло. Гэтая праўда суправаджала яго ўвесь час.

У 1983 годзе Служба бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў сфабрыкавала супраць святара крымінальную справу, за што быў арыштаваны, але неўзабаве, дзякуючы ўмяшанню польскiх святароў, быў вызвалены з-пад варты.

У 1984 годзе камуністычныя ўлады распачалі аперацыю па забойстве святара. Спробы арганізаваць ДТЗ не ўвянчаліся поспехам. Канчаткова 19 кастрычніка трое функцыянераў камуністычных службаў спыняюць машыну Папялушка, звязваюць яго, збіваюць, катуюць, а потым кідаюць яшчэ жывога ў Віслу.  Яго цела знайшлі толькі праз 11 дзён.

Тады «Салідарнасць» і Каталіцкі Касцёл яшчэ раз паказалі прыклад сапраўднай барацьбы за праўду і справядлівасць, не кiруючыся асабістай помстай, але застаючыся вернымі запаведзям Хрыста. Пасля пяці гадоў мірнага супраціўлення рэжым у Польшчы паў,  што таксама прывяло да краху камунізму ва ўсёй Усходняй Еўропе.

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)