15 жніўня 1920 г. Войска Польскае пасля вырашальнай бітвы пад Варшавай адкінула захопнікаў з Расіі. Лёс польска-бальшавіцкай вайны пачаў вырашацца на карысць Польшчы. Пагроза з Усходу была адсунутая ад польскіх межаў, і маскоўскі імперыялізм вымушаны быў на некаторы час спыніць свае спробы заваяваць Еўропу. Сёння, у 102-ю гадавіну тых падзеяў, мы ўспамінаем пра гераічнасць польскага грамадзтва, якое масава паўстала на абарону толькі што адноўленай незалежнасці, пра тактычнае чуццё камандзіраў польскага войска на чале з Юзэфам Пілсудзкім і мужнасць і ахвярнасць салдат, а таксама аб’яднанне ўсіх палітычных сіл перад пагрозай незалежнасці краіны.
Летам 1920 г. Саветы імкліва набліжаліся да Варшавы. Баі вакол сталіцы пачаліся 13 жніўня. Некалькідзённая Варшаўская бітва пачалася з разгрому польскіх войскаў, якія былі выцесненыя з Радзыміна. Пазнейшы бой пад суседнім Осавам (13-14 жніўня) завяршыўся польскім поспехам, наступны — адваяванне Радзыміна 15 жніўня. У той вечар, калі бальшавіцкія войскі стаялі на подступах да Варшавы і рыхтаваліся да наступу на сталіцу, першыя польскія жаўнеры з 21-й горнай дывізіі пачалі фарсіраваць раку Вепш. Гэта быў пачатак контрнаступлення, завяршэннем якога стаў разгром Заходняга фронту пад кіраўніцтвам рускага генерала Міхаіла Тухачэўскага. Чырвоная Армія, завязаная баямі на подступах да Варшавы, не змагла адбіць контратаку, якая была разгорнута ў поўным аб’ёме 16 жніўня. Праз дзень палякі адціснулі бальшавікоў да лініі Бяла-Падляска-Седльцэ-Мінск-Мазавецкі. Лёс вайны вырашыўся, Саветы адышлі з чарговых польскіх тэрыторый. Польскае войска абаранiла не толькі сталіцу, але і незалежнасць усёй краiны.
Гісторыкі сыходзяцца ў меркаванні, што польскія ўзброеныя сілы выратавалі ўсю Еўропу ад патопу бальшавіцкімі полчышчамі. «Калі б Пілсудскі і Вейганд не здолелі спыніць трыумфальнае шэсце савецкай арміі ў бітве пад Варшавай, не толькі хрысціянства пацярпела б паражэнне, але і ўся заходняя цывілізацыя апынулася б у небяспецы», — пісаў брытанскі дыпламат і пісьменнік Эдгар Вінцэнт Д’Абернан у знакамітай працы «Васемнаццатая вырашальная ў гісторыі свету бітва пад Варшавай 1920 г.»
Значэнне Варшаўскай бітвы было хутка заўважана, а баявы подзвіг польскага войска ацэнены належным чынам. У 1923 годзе міністр ваенных спраў генерал Станіслаў Шэптыцкі выдаў распараджэнне аб устанаўленні 15 жніўня Дня салдата. «У гэты дзень армія і грамадства ўшаноўваюць славу польскага войска, якую ўвасабляе і выражае жаўнер. У гадавіну разгрому бальшавіцкай навалы пад Варшавай ушаноўваецца памяць тых, хто загінуў у баях са спрадвечным ворагам за цэласнасць і незалежнасць Польшчы», — напісаў міністр. Свята адзначалася ў часы Другой Польскай Рэспублікі і падчас Другой сусветнай вайны. Пры камуністычным рэжыме нельга было ўшаноўваць гадавіну разгрому савецкага войска. Асаблівы характар свята Войска Польскага набыло ў гадавіну Варшаўскай бітвы ў 1992 годзе. Тады Сейм прыняў акт аб устанаўленні Дня Войска Польскага. З 2022 года прававой асновай свята з’яўляецца Закон аб абароне Айчыны.
Крыніца, графіка: sejm.gov.pl