Як паведамляюць актывісты Саюза палякаў Беларусі, у Гродзенскай вобласці адбыўся чарговы акт варварства ў дачыненні да пахаванняў польскіх ваенных. Гэтым разам быў знішчаны крыж пастаўлены ў памяць аб чатырох жаўнерах Арміі Краёвай каля вёскі Плябанішкі.
Там пахаваныя чатыры жаўнеры, якія загінулі ў сутычцы з немцамі 24 верасня 1943 года каля вёскі Плябанішкі — Казімір Ахрамовіч (Jarski), Мечыслаў Місюта (Nieznany), Баляслаў Місюра (Swierk), Ганна Зарыцкая (Czarna Hanka). Вёска Плябанішкі знаходзіцца за 23 кіламетры на поўнач ад Гродна, каля беларуска-літоўскай мяжы.
У верасні 1943 года група жаўнераў Арміі Краёвай, у ліку якіх быў паранены капітан Баляслаў Місюра, затрымалася ў леснічоўцы каля вёскі Плябанішкі. Солтыс вёскі данёс пра гэта немцам, якія прыбылі ў Плябанішкі і атакавалі жаўнераў. Былі забітыя Баляслаў Місюра і санітарка Ганна Зарыцкая. Цела капітана згарэла ў падпаленай леснічоўцы, пасля чаго немцы ўкінулі яго ў калодзеж, а цела санітаркі немцы павезлі ў бок Гожы і закапалі пры дарозе. Мясцовыя жыхары перапахавалі ахвяр.
Крыж на месцы сутычкі часці Арміі Краёвай супраць нямецкіх захопнiкаў і пахавання партызан быў усталяваны ў 1990-я гады намаганнямі былой жыхаркі Плябанішак Хэлены Пшэпесць. За магiлай даглядалі жыхары вёскі.
Крыніца: mostmedia.io