Лёс палякаў на паўночна-ўсходніх крэсах непарыўна звязаны з каталіцкім касцёлам. Менавіта дзякуючы Касцёлу ў гады царскай няволі пасля падзелаў польская супольнасць захавала сваю нацыянальную свядомасць і мову. Палякi таксама многім абавязаны яму пасля аднаўлення незалежнасці ў 1918 годзе.
Асаблiвую ролю ў арганізацыі асветы і павышэнні культуры адыграла духавенства (тут можна адзначыць дзейнасць ксяндзоў-піяраў у Лідзе і асабліва стварэнне імі адукацыйнага цэнтра, важнейшым звяном якога з’яўлялася вышэйшая гандлёвая школа, якая карысталася выдатнай рэпутацыяй). Духавенства арганiзавала шмат мерапрыемстваў, накіраваных на дапамогу беднейшым слаям насельніцтва – у т.л. яны вялi выхаваўчыя і апекунскія ўстановы ў спалучэнні з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй (напрыклад, салезіянская школа ў Дварцы або прафесійная школа ў Дзятлаве). Cвятары карысталіся бясспрэчным грамадскім аўтарытэтам сярод жыхароў даваеннага Навагрудскага ваяводства.
Крэсовы касцёл – апора польскасці
Падчас Другой сусветнай вайны святары, якія служылі на Навагрудчыне, падзялілі лёс сваіх парафіянаў і супольнасці, у якой працавалі і служылі. Паліцэйскі і вайсковы апарат чарговых акупантаў – Савецкага Саюза, Германіі і зноў Савецкага Саюза – усведамляючы грамадскае значэнне святароў і імкнучыся зламаць дух супраціву і зрабіць польскае насельніцтва пасіўным выканаўцам сваіх загадаў , нападаў на каталіцкіх святароў, манахаў і манахiнь. Народ Божы, пазбаўлены пастыраў, здаваўся захопнікам больш лёгкай здабычай, чым калі яго ўзначальвалі святары, якія прытрымліваліся высокіх маральных стандартаў — заўсёды верных Дэкалогу і прынцыпам хрысціянскай веры.
Гісторыя нашых суайчыннікаў на ўсходніх крэсах, на тэрыторыях, вядомых сёння як страчаныя землі, амаль зусім невядомая сучасным жыхарам Польшчы. Яны ўспрымаюць іх у лепшым выпадку праз прызму настальгічных, слязлівых альбомаў, змест якіх абмяжоўваецца пераважна помнікамі і краявідамі або невыноснай паліткарэктнасцю “шматкультурнасці”… “Польская гісторыя” і людзі, якія яе стваралі, знікаюць з поля гледжання. Знікаюць таксама ахвяры польскай супольнасці, якiя загiнулi ад рук ворагаў. У гэтых успамiнах мы ўзгадваем святароў, манахаў і законніц з даваеннай Навагрудчыны, людзей, якія мусілі заплаціць высокую, часта самую высокую цану за сваю вернасць каталіцкай веры і Польшчы.
Першыя ахвяры
Верасень 1939 г. і савецкая акупацыя 1939–1941 гг. прынеслі першыя ахвяры Касцёла Навагрудскай зямлі. Пробашч лідскага парафіяльнага касцёла кс. Лявонцюш Касперэк загінуў падчас вайны 15 верасня 1939 года як капелан Войска Польскага. Айцец Пётр Байкевіч, катэхет гімназіі iм. гетмана Караля Хадкевіча, загінуў 17 верасня 1939 г. на дарозе Іўе-Ліда ў барацьбе з бальшавікамі. 23 верасня 1939 г. бальшавiцкая банда забіла пробашча з Макасёўшчыны (Шчучынскі раён) – кс. Баляслава Корна. Святар прыняў сапраўды пакутніцкую смерць. Каты забралі яго з плябаніі і, не шкадуючы ўдараў, павялі на ланцугу на старыя могілкі часоў вайны ў бліжэйшы лес. Там яго засеклі сякерамі. Праз некаторы час забітае цела, пакінутае на месцы злачынства, забралі парафіяне і, нягледзячы на страх адплаты з боку злачынцаў, пахавалі на касцёльных могілках. Паводле паведамленняў жыхароў, у ваколіцах Юрацішак рэвалюцыйная група сялян забіла двух невядомых каталіцкіх святароў – бежанцаў з цэнтральнай Польшчы. У Скрудзе (Слонімскі раён) сяляне забілі яшчэ аднаго святара.
Казiмiр Краеўскi