Сёння спаўняецца 38 гадоў з дня выкрадання і забойства благаслаўлёнага кс. Ежы Папялушка. У гэты дзень у Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці нязломных святароў.

Нацыянальны дзень памяці нязломных святароў быў прыняты Сеймам Рэспублікі Польшча ў 2018 годзе. Ён адзначаецца 19 кастрычніка як дзяржаўнае свята, устаноўленае – як падкрэсліваецца ў законе – у знак павагі да «герояў, непахісных абаронцаў веры і незалежнай Польшчы». У гэты дзень мы аддаем даніну памяці ўсяму духавенству розных эпох, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу і сваёй Айчыне.

Дата іх ушанавання была выбрана, калі ў 1984 г. супрацоўнікі бяспекі выкралі кс. Ежы Папялушка, якога потым жорстка закатавалі і забілі.

У гэты дзень пасля Імшы ў парафіі Святых Польскіх Братоў-Мучанікаў у Быдгашчы, вяртаючыся ў Варшаву, кс. Ежы Папялушка і кіроўца Вальдэмар Храстоўскі былі арыштаваныя ў Горску, а затым выкрадзеныя трыма функцыянерамі СБ. Гжэгаж Пятроўскі, Лешак Пенкала і Вальдэмар Хмялеўскі ўваходзілі ў самастойную групу «D» (распад) Чацвёртага дэпартамента Міністэрства ўнутраных спраў.

У 1980-я гады апірышчам «Салідарнасці» быў Каталіцкі Касцёл. Святыя Імшы, арганізаваныя ў касцёлах за бацькаўшчыну, давалі ўдзельнікам адчуванне еднасці, сілы і надзеі. Адным з найбольш вядомых і актыўных капеланаў «Салідарнасці» быў Ежы Папялушка з Варшавы.

Камуністы лічылі кс. Ежы Папялушка — ворагам усёй сiстэмы, а яго дзейнасць — пагрозай усталяванаму імі парадку ў Польскай Народнай Рэспубліцы. Вакол яго збіраліся натоўпы вернікаў, і таму ён здаваўся ўладам небяспечным. І ён – выконваючы свае душпастырскія абавязкі – даваў людзям надзею, што будзённая шэрасць камуністычнай Польшчы зменіцца, што палякі будуць жыць годна ў сваёй вольнай краіне.

Праз некалькі дзён пасля выкрадання і забойства ксяндза Ежы, 31 кастрычніка 1984 г., «Трыбуна Люду» апублікавала паведамленне: «Міністэрства ўнутраных спраў паведамляе, што 30 кастрычніка 1984 г. бр. позна ўвечары, у выніку інтэнсіўных пошукаў з удзелам спецыялізаваных груп міліцэйскіх вадалазаў, у водах вадасховішча ў Влоцлавеку было знойдзена цела а. Ежы Папялушка».

Пахаванне святара, забітага супрацоўнікамі бяспекi, адбылося 3 лістапада 1984 г. у Варшаве, сабраўшы тысячы вернікаў з усёй Польшчы і ператварыўшыся ў вялікую дэманстрацыю падпольнай «Салідарнасці».

Крыніца: IPN

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)