Сёння ў Беластоку завяршылася міжнародная канферэнцыя «Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да ХХІ стагоддзя». Сёлетняя шостая канферэнцыя была прысвечана Каталіцкаму Касцёлу.
Канферэнцыя, якая аб’ядноўвае даследчыкаў, якія цікавяцца лёсам палякаў у Беларусі, праходзіць з 2017 года ў Гродне. У сувязі з пагаршэннем стану польска-беларускіх стасункаў у 2021 годзе канферэнцыя адбылася ў Вільні, а сёлета знайшла сяброўскую пляцоўку ў Сібірскім мемарыяльным музеі ў Беластоку.
Падчас урачыстага адкрыцця сустрэчы ў чацвер 3 лістапада выступілі: Яраслаў Ксёнжэк – былы Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне, арцыбіскуп Юзэф Гуздэк, праф. Войцех Сляшынскі – дырэктар Сібірскага мемарыяльнага музея, праф. Ян Маліцкі – дырэктар Iнстытута ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсiтэта, Марэк Занеўскі – прадстаўнік Саюза палякаў на Беларусі і Анна Кетліньска – старшыня Падляскага аддзелу Таварыства “Wspólnota Polska”.
На працягу трох дзён навукоўцы прадставiлі стан даследаванняў і правялi дыскусію на такія тэмы, як палітыка царскіх уладаў у дачыненні да Каталіцкага Касцёла, стратэгія савецкіх антыкаталіцкіх рэпрэсій або Каталіцкі Касцёл у палітыцы сучасных беларускіх уладаў. Адбыліся таксама прэзентацыі выбітных прадстаўнікоў каталіцкага духавенства і даклады аб асобных парафіях і іх лёсе.
З канферэнцыяй звязаны выхад у выдавецкай серыі Bibliotheca Europae Orientalis выдання «Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст., том VI».
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Iнстытут ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсiтэта, Саюз палякаў на Беларусі і Сібірскі мемарыяльны музей.
Крыніца: MPS