McDonald’s пакідае Беларусь, а цяпер яго месца зойме расiйская сетка «Смачна і кропка». Аляксандр Лукашэнка з энтузіязмам адрэагаваў на навіну аб сыходзе амерыканскай сеткі рэстаранаў.
«Я заўсёды заклікаю вас: ешце, спажывайце сваё, не кідайцеся на заморскае. Гэта сёння актуальна гучыць у плане таго, што некаторыя, асабліва сярод моладзі (ды і, напэўна, сярэдняга ўзросту, а можа, і старэйшага), сталі ахаць і вохкаць: «Ах, «МакДональдс» сыходзіць». Я думаю: «Слава табе, божа, што хоць сыходзіць!» Але толькі месца «Макдональдса», дзе працуюць нашы людзі, нашы спецыялісты, дзе спажываецца наш тавар, павінны заняць беларусы», — заявіў.
«Раман Аляксандравіч, беларусы! Запомніце, ніхто іншы, — звярнуў увагу прэм’ер-міністра. — Мы самі павінны рабіць тое, што калісьці рабіў гэты «МакДональдс», калі камусьці гэта трэба, і нават лепш. У нас што, булачку напалову не могуць разрэзаць і ўпіхнуць у гэтыя дзве паловы кавалачак мяса, бульбы і салату? Госпадзе, хто гэта спажывае, не ведаю».
Праз некалькі тыдняў рэстараны McDonald’s у Беларусі зменяць назву і будуць працаваць пад расійскім брэндам. Пра гэта пішуць на беларускім сайце амерыканскай сеткі хуткага харчавання, паведамляе «Белсат» .