«Польскі народ! Прабіла гадзіна помсты. Сёння трэба памерці або перамагчы! Хадзем, і няхай вашыя грудзі будуць Фермапіламі для ворагаў!» — крыкнуў падпаручнік Пётр Высоцкі. 190 гадоў таму, 29 лістапада 1830 году, у Варшаве пачалося Лістападаўскае паўстанне — найбуйнейшае паўстанне за незалежнасць Польшчы ў XIX стагодздзі.

Паўстанне было скіравана супраць Расіі і ахапіла землі Каралеўства Польскага — усечанай польскай дзяржавы, створанай пасля Венскага кангрэса (з царом, канстытуцыяй і войскам), — а таксама частку г.зв. забраных земляў: Літву, Жамойць і Валынь. Яно доўжылася 10 месяцаў, за якія каля 150 тыс. палякаў супрацьстаялі найвялікшай ваеннай моцы свету і дасягнулі часовых, але значных поспехаў.

Паўстанне адбылося ў выніку абвастрэння палітычнай сітуацыі ў Каралеўстве Польскім. З году ў год цары кіравалі ўсё больш аўтарытарна, парушаючы наступныя палажэнні канстытуцыі. У адказ утварыліся тайныя арганізацыі супраціву, у т.л у 1828 г. — змова ў Ваенна-пяхотнай кадэцкай школе ў Варшаве пад камандаваннем Пятра Высоцкага, якая прывяла да выступлення супраць захопнікаў.

Сігналам да пачатку бою стаў падпал бровара ў Солцы. Затым атрад кадэтаў напаў на Бельведэр, зрабіўшы беспаспяховую спробу захапіць вялікага князя Канстанціна, ненавіснага кіраўніка Каралеўства, які пражываў там. Увечары паўстанцы захапілі Арсенал, што дало магчымасць узброіць насельніцтва, якое падтрымлівала паўстанне, і, адпаведна, раніцай 30 лістапада авалодаць Варшавай.

Калі 25 студзеня 1831 г. сейм пасля безвыніковых спробаў перамоваў польскай дэлегацыі ў Пецярбургу прыняў пастанову аб зрыненні цара Мікалая I з трона, што азначала разрыў асабістай уніі і абвяшчэнне незалежнасці, Расія адрэагавала на гэта збройнай інтэрвенцыяй.

Пачалася вайна, падчас якой адбылася серыя бітваў, а самай вялікай і кровапралітнай была бітва пад Альшынкай Грахоўскай, калі польскія жаўнеры спынілі наступ ворага на Варшаву. Увайшлі ў гісторыю таксама пераможныя бітвы пад Вавэрам, Дэмбам Вялікім і Іганем, а таксама няўдалая вераснёвая абарона сталіцы.

Пасля страты Варшавы польская армія вяла толькі партызанскія дзеянні. Датай заканчэння Лістападаўскага паўстання лічылася 21 кастрычніка 1831 г., калі здалася крэпасць Замосце. З падзеннем паўстання была рэзка абмежавана аўтаномія Каралеўства Польскага і пачаўся пераслед удзельнікаў паўстання.

Крынiца: sejm.gov.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)