Былы палац Радзівілаў у Дзятлаве знайшоў новага гаспадара. Гiстарычны будынак, якi мае 270-гадовую біяграфію, сышоў з малатка ўсяго за 100 рублёў, піша «Вячэрні Гродна».

Пакупніка палаца ў Дзятлаве шукалі некалькі гадоў. Аднак паколькі яшчэ ніводныя таргі не ўвянчаліся поспехам, таму пачатковы кошт палаца да аўкцыёну, які адбыўся ў камітэце «Гроднааблмаёмасць» у аўторак, знізіўся да 3 базавых велічынь за ўвесь будынак (96 рублёў на сёння).

Таргоў, дарэчы, не было — зарэгістраваўся толькі адзін удзельнік. У такім выпадку аўкцыён не праводзяць, а адзіны прэтэндэнт даплачвае 5% да пачатковай сумы.

Сам палац знаходзіўся ва ўласнасці Дзятлаўскага раёна. Агульная плошча двухпавярховай пабудовы ў стылі барока — 1527 квадратных метраў. У яго ёсць склеп і чатыры прыбудовы. Плошча самога ўчастка — 41 сотка. Пакупнік атрымаў гэтую зямлю ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў.

Цяпер палац належыць бізнэсоўцу з Расіі. Асабіста ён не змог прысутнічаць на таргах, таму яго інтарэсы прадстаўляла беларуска Святлана, якая выступала ў ролі даверанай асобы прадпрымальніка. Паводле яе слоў, яе кліент не нарадзіўся ў Беларусі і не жыў тут, аднак ён неаднаразова наведваў нашу краіну ў якасці турыста. Ён шануе даўніну і хоча захаваць культурную спадчыну для цяперашніх пакаленняў.

— Што менавіта з’явіцца там пасля рэканструкцыі, на гэты момант вырашаецца і абмяркоўваецца. Аднак магу сказаць дакладна, што палац будзе мець толькі сацыяльную накіраванасць, аб камерцыялізацыі аб’екта гаворкі не ідзе. Паколькі там раней была бальніца, магчыма, з’явіцца рэабілітацыйны цэнтр або іншая ўстанова для дапамогі людзям, — адзначыла Святлана.

Па яе словах, нягледзячы на тое, што будынак пуставаў апошнія шэсць гадоў, ён захаваўся ў прыстойным стане. Асабліва жанчыне спадабаліся старадаўнія скляпеністыя падвалы, якія нагадваюць таямнічыя падзямеллі.

Па ўмовах таргоў у новых уласнікаў ёсць не больш за два гады з дня заключэння дагавора куплі-продажу на тое, каб распрацаваць праектную дакументацыю на правядзенне рэканструкцыі або капрамонту.

Самі будаўнічыя работы трэба правесці ў тэрміны, пазначаныя ў праекце, аднак не пазней чым пяць гадоў з дня заключэння дагавора.

Крынiца: nashaniva.com

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)