17 снежня 2022 г. Папа Францішак зацвердзіў дэкрэт аб мучаніцкай смерці польскай сям’і Юзэфа і Вікторыі Ульмаў — забітых немцамі 24 сакавіка 1944 г. за ўтойванне яўрэяў — і выдаў згоду Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Гэта значыць, што ўся сям’я Ульмаў неўзабаве будзе беатыфікавана.
Сям’я Ульмаў сімвалізуе стаўленне тых палякаў, якія загінулі ад рук немцаў за дапамогу яўрэям падчас акупацыі. 13 верасня 1995 года інстытут Яд Вашэм у Іерусаліме пасмяротна ўганараваў Юзэфа і Вікторыю Ульмаў званнем Праведнікі народаў свету. У 2010 годзе прэзідэнт Рэспублікі Польшча Лех Качыньскі ўзнагародзіў іх Камандорскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы. У 2016 годзе ў Маркаве быў адкрыты музей іх імя, прысвечаны ўсім палякам, якія ратавалі яўрэяў падчас Халакосту.
З 2018 года ў гадавіну трагічных падзеяў у Маркаве — 24 сакавіка — па рашэнні прэзідэнта Рэспублікі Польшча адзначаецца Нацыянальны дзень памяці палякаў, якія ратавалі яўрэяў пад нямецкай акупацыяй.
Крыніца: IPN