Учора ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбылася ўрачыстая перадача Вiфлеемскага святла міру — агню, запаленага ў гроце Нараджэння Хрыстовага ў Віфлееме.

Прадстаўнікі польскага згуртавання скаўтаў ZHP урачыста перадалі агонь біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу.

Як сказаў біскуп, звяртаючыся да ўсіх прысутных у катэдры, гэты агонь нагадвае, што ўжо хутка мы будзем адзначаць поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння.

Іерарх падкрэсліў, што з гэтага святла, якое сімвалізуе Езуса Хрыста, “мы хочам зачэрпаць святло для саміх сябе – для кожнай і кожнага з нас”.

“Больш за тое, мы жадаем гэтае святло, якое ў нас ужо ёсць, перадаваць далей. Каб усё больш людзей было ахоплена гэтым святлом, якое ўпершыню заззяла на зямлі ў цудоўную ноч Божага Нараджэння”, – дадаў біскуп.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што “ў нашы сённяшнія часы жаданнем кожнага чалавека з’яўляецца тое, каб разам з гэтым святлом нашы дамы і сем’і, нашу краіну і ўвесь свет агарнуў доўгачаканы мір”, “каб мы былі здольныя прабачаць адзін аднаму, падаваць руку, пазбягаць гневу і нянавісці, а думкі нашыя заўсёды былі поўныя дабрыні”.

Біскуп заахвоціў вернікаў несці з гэтым агнём да сваіх блізкіх і знаёмых радаснае пасланне міру і быць вестунамі Божай радасці.

Крыніца: grodnensis.by

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)