Падчас польска-бальшавіцкай вайны (1919–1920) у палескіх балотах і глушы была сфарміравана Пінская флатылія, якая стала сталай часткай краявiду Палесся і на працягу ўсяго міжваеннага перыяду была сімвалам працягласці польскай дзяржаўнасці.
У красавіку 1919 г. да камандзіра Падляшскай групы генерала Антонія Лістоўскага звярнуўся былы афіцэр расійскага флоту князь Ян Гедройц з прапановай стварыць каманду маторных лодак для транспартных і разведвальных мэтаў. Ідэя была ўспрынятая з энтузіязмам і 12 красавіка 1919 г. пачала працу тэхнічная камісія, якая канчаткова прызнала для службы тры з чатырох пакінутых у Пінску былых нямецкіх лодак, якім далі назвы: «Ліздзейка», «Лех» і «Лістоўчык». 19 красавіка 1919 г. генерал Лістоўскі прызначыў Гедройца на сапраўдную службу паручнікам на флоце, адначасова прызначыўшы яго камандзірам маторных лодак.
Супраць бальшавікоў
Так была створана Пінская флатылія (пазней Рачная флатылія Ваенна-Марскога Флота), якая першапачаткова служыла дапаможнай службай сухапутным войскам, якія дыслакаваліся на паўднёвым участку Палескага фронту. Маторныя лодкі выкарыстоўваліся для перавозкі харчоў і ваенных рапартоў. Аднак калі ў Прыпяці з’явіліся караблі бальшавікоў, задачы флатыліі змяніліся. З гэтага часу яна таксама павінна была выконваць разведвальныя функцыі і змагацца з рачнымі сіламі праціўніка. Сваю назву яна атрымала ад месца дыслакацыі, а зонай яе дзеяння быў басейн Піны, Прыпяці і Дняпра.
Баявое хрышчэнне флатылія прыняла 3 ліпеня 1919 года ў бітве пад Гарадзішчам падчас Лунінецкай наступальнай аперацыі. Уваходзіла у групу падпалк. Уладзіслава Грабоўскага i атрымала задачу абстраляць вёску Гарадзішча на паўвостраве паміж ракой Ясёлдай і Гарадыскім возерам і высадку ўзвода 34-га пяхотнага палка. Дэсант быў высаджаны дзякуючы ўдаламу манеўру на возеры Гарадыскім маторнай лодкі «МБ 4» пад камандаваннем лейтэнанта Караля Таўбэ. Акцыя на сушы ішла паводле плану падпалкоўніка Грабоўскага – жаўнеры паспяхова атакавалі бальшавікоў і прымусілі іх пакінуць вёску. У выніку палякам удалося ўзяць Лунінец – важны транспартны вузел, які называлі ключом да Палесся. У памяць аб гэтай падзеі ў Другой Польскай Рэспублiцы 3 ліпеня адзначаўся Дзень рачной флатыліі.