Дзвінскi паход дазволіў латышам захаваць сваю незалежнасць. Для Польшчы гэта азначала ключавое скарачэнне фронту ў будучай барацьбе з бальшавікамі.
3 студзеня 1920 г. польска-латышскія войскі выбілі бальшавікоў з Даўгаўпілса (раней Дзвiнск). У выніку Латвія захавала сваю незалежнасць.
Палітыка бальшавікоў у адносінах да Прыбалтыкі
Канцэпцыя «сусветнай рэвалюцыі» прадугледжвала, што пасля перамогі ў Расіі бальшавікі пачнуць трыумфальнае шэсце на Захад, каб дапамагчы «рабоча-сялянскім масам» у краiнах Еўропы. Трыумфальнае шэсце павінна было непазбежна прайсці «над трупам Польшчы». У 1919 г. бальшавікі не маглі дазволіць сабе такіх намаганняў. Іх арміі былі раскіданы па многіх франтах. Гарэла ўсходняе польска-расiйскае памежжа, форма межаў не была прадугледжана ніводнай дамовай аб заканчэнні Першай сусветнай вайны.
У глыбіні Расіі пагрозу ўяўляла войска т. зв «белых» — рускіх, якія выступалі супраць бальшавікоў. Іх правадыр Аляксандр Калчак акупаваў Уральскую частку Расіі. Пагроза бальшавіцкай агрэсіі, аднак, была рэальнай.
– У гэтых умовах Юзэф Пілсудскі спрабаваў весці перамовы з суседзямі, якія маглі, як Польшча, адчуць пагрозу патэнцыйнай савецкай агрэсіі, гэта значыць з новастворанымі краінамі Балтыі: Латвіяй, Эстоніяй, Фінляндыяй – сказаў праф. Анджэй Новак Польскаму Радыё.
Гэтыя новаствораныя дзяржавы ўжо зведалі бальшавіцкую агрэсію. І Латвія, і Эстонія здолелі выбіць бальшавікоў са сваёй тэрыторыі на мяжы 1918 і 1919 гадоў — першай гэта ўдалося дзякуючы падтрымцы нямецкіх войскаў, якія адыходзілі з Расiі, другой — Вялікабрытаніі. Пасля гэтай паразы бальшавікі змянілі спосаб дзеянняў: леў апрануўся ў лісіную шкуру.
– Бальшавікі не збіраліся адмаўляцца ад гэтай дыпламатычнай гульні. Ленін лічыў, што прыбалтыйскім рэспублікам трэба прапанаваць мір, бо гэта будзе вітрынай міратворчай прапаганды бальшавіцкай дзяржавы. І праглынанне гэтых маленькіх краін адбудзецца, калі гэтага захочуць бальшавікі. Такая палітыка мела поспех у дачыненьні да Эстоніі, якая 2 лютага 1920 году падпісала мірную дамову з бальшавіцкай Расiяй – тлумачыў праф. Андрэй Новак.
Латышскія праблемы
Канцэпцыю Пілсудскага горача вітаў латвійскі нацыянальны ўрад на чале з Карлісам Улманісам. Ужо ў момант адраджэння дзяржава апынулася на мяжы краху. Гэты кабінет у той час кантраляваў паўночную частку краіны. Усходняя частка краіны – Латгалія – была акупавана бальшавікамі. Поўдзень знаходзіўся ў руках латышскіх немцаў і саюзных з імі «белых» пад камандаваннем Паўла Бермандта-Авалава. Іх мэтай было стварэнне руска-нямецкай Заходняй Русі. Такі хаўрус былых падзельнікаў не даваў супакою палякам.
Першы міністр замежных спраў Латвіі Зігфрыдс Мееравічс пачаў шукаць падтрымкі ў польскага боку.
Умацаваныя неафіцыйным дыпламатычным альянсам і польскімі боепрыпасамі, а таксама падтрыманыя брытанскім флотам, верныя Улманісу войскі разбілі армію Заходняй Расіі. Хоць да прамога польска-расiйска-нямецкага супрацьстаяння не дайшло, справа значна зблізіла Польшчу і Латвію.
Узаемная выгада
30 снежня 1919 г. абедзве краіны заключылі ваенны саюз. Пачалося планаванне антыбальшавіцкага наступу, мэтай якога было выбіць бальшавікоў з Латвіі. Аперацыя атрымала кодавую назву «Зіма». Альянс урэгуляваў на карысць латышоў пытанне Латгаліі, дзе жыло шмат палякаў і якая да падзелаў належала Рэчы Паспалiтай.
Для Польшчы прыярытэтам у той час была барацьба з бальшавікамі і ліквідацыя пагрозы наступу Чырвонай Арміі з поўначы. Гаворка ішла не толькі пра 100-кіламетровы ўчастак будучай польска-латвійскай мяжы. Варшава прагназавала, што Чырвоная Армія можа прайсці – са згоды ўладаў у Коўне – праз літоўскую тэрыторыю.
– Польска-літоўскі канфлікт быў вельмі жорсткім. Літва была гатовая пайсці на саюз з самім д’яблам, абы толькі вярнуць сабе захопленую палякамі Віленшчыну – падкрэсліў праф. Анджэй Новак.
Была яшчэ адна праблема. Палякі спадзяваліся, што дапамога Латвіі ў захаванні незалежнасці дазволіць ім дамовіцца аб доступе да латвійскіх партоў.
– Варта адзначыць, што ў той час яшчэ не былі вырашаны пытанні прыналежнасці да Гданьскага Памор’я і ўвогуле выхаду Польшчы да мора – падкрэсліў доктар Томаш Палушыньскі.
Бітва пад Дзвiнскам
Польска-латышскай арміяй камандаваў генерал Эдвард Рыдз-Сміглы, які раней вёў баі з бальшавікамі на Палессі. Палякі складалі тры чвэрці саракатысячнага войска. 3 студзеня пры 30-градусным марозе польска-латышскае войска пераправілася праз замерзлую Даўгаву і рушыла на Дзвiнск. Давалі аб сабе знаць перапады ў маральным духу супернікаў. Уся кампанія была па сутнасці павольнай пагоняй за адступаючым ворагам. Праз тыдзень уся Латгалія апынулася ў руках латышоў.
Дзвiнскi паход дазволіў латышам захаваць сваю незалежнасць. Латвійская дзяржава праіснавала да 1940 года, пакуль краіну не акупавала Чырвоная Армія. Для Польшчы аперацыя «Зіма» азначала ключавое скарачэнне фронту ў будучай бітве з бальшавікамі. Бальшавiкi, ужо расправіўшыся з рэшткамі «белых», ужо рыхтаваліся ажыццявіць план прынесці рэвалюцыю на штыках у Заходнюю Еўропу. Неўзабаве павінен быў пачацца вялікі наступ, які быў спынены толькі ў жніўні, на подступах да Варшавы.
З пункту гледжання польскай ваеннай гісторыі Дзвiнскi паход быў важны яшчэ па адной прычыне. Гэта баявы дэбют польскіх бранятанкавых войскаў. У баях удзельнічалі 25 машын Renault FT-17 са складу 1-га танкавага палка. Як высветлілася, дзеянні польскіх танкаў мелі большы псіхалагічны эфект, чым рэальны. Па праціўніку было зроблена толькі некалькі залпаў. Бальшавікі, большасць з якіх упершыню ў жыцці бачылі такія машыны, не сталі супрацьстаяць ворагу і ўцяклі пры выглядзе тэхнікі, якая набліжалася.
Крыніца: polskieradio.pl