Суд над журналістам і актывістам Саюза палякаў на Беларусі Анджэем Пачобутам у чарговы раз перанесены. Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), цяпер судовае пасяджэнне павінна пачацца 16 студзеня.
Першапачаткова суд над Пачобутам быў прызначаны на 28 лістапада 2022 года, потым яго перанеслі на 9 студзеня.
Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. З таго часу ён знаходзіцца за кратамі: спачатку ў СІЗА ў Жодзіне, з мая — у СІЗА № 1 Мінска, а з верасня — у СІЗА Гродна. Палітвязню прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.
За артыкул пра савецкую агрэсію супраць Польшчы ў верасні 1939 г. Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». Таксама паведамлялася, што яго абвінавацілі ў закліках да санкцый. КДБ унёс журналіста ў спіс датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці».