Польская літаратура знаходзіцца ва ўладзе бюракратычнага апарату і пры гэтай сістэме можна з упэўненасцю сказаць, што ў ёй не можа нарадзіцца нічога творчага, нічога арыгінальнага, нічога наватарскага. Мы стаім перад жахлівым фактам стэрылізацыі культуры – казаў Мельхіёр Ваньковіч.
Ваньковіч быў класікам рэпартажу, аўтарам такіх кніг, як «Na tropach Smętka», «Bitwa o Monte Cassino», «Hubalczycy» і «Ziele na kraterze».
Жыццё да літаратуры
Нарадзіўся 10 студзеня 1892 г. у Калюжыцах пад Мінскам. Вучыўся ў гімназіі ў Варшаве. Да 1905 г. вучыўся на рускай мове, толькі пасля рэвалюцыі і школьнай забастоўкі царскiя ўлады дазволілі выкладаць па-польску. У маладосці актыўна ўдзельнічаў у падпольных арганізацыях.
– Шэсць разоў сядзеў у ізалятары за тое, што на перапынках размаўляў па-польску, – успамінаў Ваньковіч на Польскім радыё ў 1972 годзе.
Пасля пачатку Першай сусветнай вайны быў звольнены з рускай арміі па падробленай даведцы аб стане здароўя. Дапамагаў палякам, якія засталіся ў Расіі, а ў 1917 годзе ўступіў у 1-ы польскі корпус генерала Юзэфа Доўбар-Мусніцкага.
У 1920 г. ваяваў з бальшавікамі і за баявыя заслугі быў узнагароджаны Крыжам Доблесці.
У 1920-я гады ён заснаваў выдавецкае таварыства “Rój”, якое было адным з найбольш актыўных выдавецтваў у міжваенны час.
Рэпарцёрская дзейнасць
Першыя рэпартажы апублікаваў у міжваенны час. У 1926 г. ён апублікаваў зборнік «У касцёлах Мексікі», у якім апісваў трохмесячнае падарожжа па Мексіцы. Выдаў таксама томік успамінаў з часоў юнацтва пад назвай «Шчанячыя гады».
У 1936 г. ён апублікаваў свой найважнейшы рэпартаж, напісаны ў міжваенны час: Na tropach Smętka. Гэта быў запіс з падарожжа на Мазуры, якое ён здзейсніў летам мінулага года. У ім Ваньковіч апісаў цяжкі лёс польскага насельніцтва ва Усходняй Прусіі.
Непасрэдна перад пачаткам Другой сусветнай вайны ён апублікаваў «Штафету», у якой дакументальна апісаў поспехі незалежнай Другой Польскай Рэспублікі на прыкладзе інвестыцый у Цэнтральны прамысловы раён.
Ваньковiч быў майстрам рэпартажнага апавядання, спалучаючы асвятленне фактаў з літаратурнай выдумкай і апавяданнем. Ён таксама стварыў вядомыя дагэтуль рэкламныя слоганы: «Цукар умацоўвае» і «ЛЁТам бліжэй».
Падчас Другой сусветнай вайны стаў ваенным карэспандэнтам ІІ Польскага корпуса генерала Уладзіслава Андэрса. Ваньковiч правёў два тыдні пад Монтэ-Касіна, жадаючы асабіста паўдзельнічаць у перажываннях салдат. Падзеі мая 1944 года апісаў у сваёй самай вядомай кнізе «Бітва пад Монтэ-Касіна».
Адразу пасля вайны ў Польшчу не вярнуўся. Ён жыў у 17 краінах, мiж iншым падарожнічаў па ЗША, Мексіцы і Канадзе. З эміграцыі вярнуўся толькі праз 20 гадоў, у 1958 годзе. На першую лекцыю пісьменніка ў варшаўскiм Кангрэс-холе не хапала квіткоў.
On 10 January 1892, Melchior Wańkowicz was born. He was a popular writer, political journalist and publisher, famous for his reporting for the Polish Armed Forces in the West during World War II and writing a book about the battle of Monte Cassino (photo: PAP/S. Dąbrowiecki). pic.twitter.com/PzW1VIj2D0
— Polishhistory – History Portal (@PortalHistory) January 10, 2023