У вёсках Грозава і Семежава на Капыльшчыне зніклі крыжы, усталяваныя ў гонар герояў Слуцкага збройнага чыну 1920 году — узброенага паўстання беларусаў супраць бальшавіцкіх захопнікаў. Пра гэта паведамляе незалежны партал «Новы Час».
Мясцовыя жыхары распавялі, што крыжы знеслi каля месяца таму. Крыж у Грозаве паставілі насупраць Дома культуры, а побач знаходзіцца ўпраўленне сельгаспрадпрыемства.
Слуцкі збройны чын распачаўся 27 лістапада 1920 года. Хаця паўстанне было нядоўгім і пацярпела няўдачу, але надоўга пакінула след у гісторыі Беларусі, стаўшы прыкладам для іншых змагароў за незалежнасць краіны. Памяць аб гэтай падзеі засталася ў памяці народа. Яно знайшло сваё адлюстраванне не толькі ў гісторыі, але і ў літаратуры і мастацтве.