29 студзеня ў дзіцячым араторыі пры парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылася ўрачыстасць у гонар св. Янa Боскa.
Галоўная ідэя метаду ксяндза Боско – нястомны пошук дабра, якое прысутнічае ў іншай асобе. Паводле гэтай ідэі, у кожным чалавеку ёсць нешта добрае, што знаходзіцца, магчыма, у зародку і аднойчы зможа расквітнець – для гэтага неабходны асаблівы клімат, які і імкнуцца пашыраць у смаргонскім араторыі.
Свята пачалося Імшой, на якой кс. Артур Ляшнеўскі SDB звярнуў увагу, што сапраўды шчаслівы чалавек – той, які імкнецца, каб Бог быў у цэнтры ўсяго яго жыцця. Святар дадаў, што Бог чакае кожнага ў сваім доме, падчас Эўхарыстыі, у сакрамэнце паяднання.
Пасля Імшы дзеці і іх бацькі накіраваліся ў араторый. У праграме прысутным было прапанавана ўспомніць цікавыя моманты жыцця святога Яна Боско і асаблівых людзей, якіх ён сустрэў.
Такім чынам у межах праграмы дзеці змаглі пабываць у доме яго мамы Маргарыты, сустрэцца з адным з выхаванцаў араторыя – святым Дамінікам Савіо, пачуць пра першых салезіянскіх місіянераў у Аргенціне і згуляць у адмысловы футбол.
Крыніца: grodnensis.by
Фота: grodnensis.by