Музей памяцi Сiбіры і фонд «Беласток бегае» ўжо ў пяты раз ладзяць забег «Памяцi Сiбіры». Такiм чынам арганiзатары спаборнiцтваў заклікаюць нас аддаць даніну памяці ахвярам савецкіх дэпартацый 1940-1941 гадоў. Стацыянарны прабег адбудзецца ў Беластоку 11 лютага, ва Уроцлаве — 18 лютага, а віртуальны — 11-28 лютага. Запісы яшчэ працягваюцца.
Мерапрыемства стала пастаянным месцам у календары гістарычных і спартыўных падзей не толькі ў Беластоку, але і ў іншых гарадах Польшчы, а таксама сярод польскай дыяспары за мяжой. У папярэдніх чатырох спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 4000 бегуноў. Дзякуючы віртуальнаму прабегу да ініцыятывы далучыліся і аматары спорту з многіх краін свету — у 2022 годзе імі сталі жыхары Беларусі, Бельгіі, Германіі, Нарвегіі, Літвы і Італіі і нават Аўстраліі і Новай Зеландыі. У папярэдніх прабегах ўдзельнікі пераадолелі больш за 52 тысячы кіламетраў.
– Мы хочам паказаць і ўшанаваць нашу гісторыю праз такія мерапрыемствы, а не проста выставы ці прэзентацыі. Мы хочам заахвоцiць новыя пакаленні, моладзь, каб памяць пра сібіракоў доўжылася і жыла, – сказаў віцэ-мэр Рафал Рудніцкі. – Запрашаю да ўдзелу ў прабегу не толькі беластаччан.
Кожны ўдзельнік, які завяршыў прабег «Памяцi Сiбіры», атрымае памятны медаль.
Рэгістрацыя на 5-ы забег памяці Сібіры
Крыніца: sybir.bialystok.pl
Fot. UM Białystok