У варшаўскім касцёле св. Аляксандра адбылася пахавальная святая імша за беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава, які загінуў у баях ва Украіне, паведамляе тэлеканал «Белсат».
34-гадовы добраахвотнік з Беларусі загінуў у баях пад Вугледарам. Эдуард Лобаў змагаўcя за Украіну з 2015 года.
У 2000-я гады Лобаў быў актывістам і сустаршынём моладзевай арганізацыі «Малады фронт». У 2011 годзе ўлады Лукашэнкі пасадзілі яго ў турму, ён лічыўся палітвязнем.
Пасля вызвалення з-пад варты ён пакінуў краіну. Яго сям’я таксама пакінула Беларусь. Маці Эдуарда Марына Лобава жыве ў Польшчы і таму вырашыла прывезці яго цела ў Варшаву і пахаваць тут сына.
— Сынок мой дарагі! У цябе быў такі кароткі жыццёвы шлях, але мара стаць прафесійным вайскоўцам здзейснілася. Ты марыў бараніць сваю зямлю ад ворагаў. На жаль, ты загінуў – са стрэльбай у руках і на полі бою, абараняючы незалежнасць Украіны. Мы табой ганарымся! – сказала маці.
Збор сродкаў на транспарціроўку цела з Данбаса, набыццё ўчасткаў на могілках і іншыя выдаткі, звязаныя з пахаваннем, абвясціў Беларускі фонд салідарнасці BYSOL. Патрэбныя сродкі сабралі менш чым за суткі. Амбасадар Польшчы ў Мінску Артур Міхальскі дапамог атрымаць дазвол на пахаванне ў Польшчы загінулага ва Ўкраіне грамадзяніна Беларусі, які, як сказала маці Эдуарда, «зрабіў немагчымае магчымым».
Марына Лобава падзякавала ўсім падчас учарашняй цырымоніі пахавання. У прыватнасці – Украіне і ўкраінцам:
– Хачу пажадаць Украіне як мага хутчэйшай перамогі ў гэтай вайне і адстаяння сваёй незалежнасці. Мой сын заўсёды марыў, каб Беларусь і Ўкраіна былі свабоднымі і незалежнымі. І за гэта ён аддаў самае дарагое – уласнае жыццё, – сказала яна.
– Ваш сын – герой, а героі не паміраюць – адказаў амбасадар Украіны ў Польшчы Васіль Зварыч, які таксама прысутнічаў на паніхідзе.
Крыніца: belsat.eu
Fot. Christian Vision