Сёння ў Каталіцкім Касцёле ўшаноўваецца благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька. Кс. Міхал Сапоцька быў сябрам і спаведніком с. Фаўстыны Кавальскай. Калі сястра Фаўстына ўпершыню сустрэлася з Сапоцькам, яна сказала яму, што ўжо бачыла яго і што Пан Езус прасіў яго дапамагчы ёй намаляваць вобраз Езуса Міласэрнага. Хаця кс. Міхал спачатку ёй не паверыў, потым зрабіў усё, каб споўнiць сваю місію. Сваю поўную незвычайных падзей маладосць благаслаўлёны апостал Божай Міласэрнасці правёў у сённяшняй Беларусі.
Міхал Сапоцька – дзяцінства
Міхал Сапоцька нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. У 1888 годзе тут яшчэ была Польшча, і месца называлася Юшаўшчызна. Ён заўсёды хацеў быць святаром. Ужо малым хлопчыкам ён будаваў алтары, перад якімі маліўся. Маленькі Міхал гуляў у імшу і вёў сямейныя малітвы дома. Ён хадзіў у пачатковую школу ў Ашмянах, але гэта быў час падзелаў і тады нельга было гаварыць па-польску, таму Міхал арганізаваў вучнёўскі страйк. Ён патрабаваў, каб урокі рэлігіі вёў каталіцкі святар і па-польску, а абраз Маці Божай Чэнстахоўскай вярнулі ў клас. Пратэст быў паспяховым, але Міхалу, як кіраўніку страйку, панізілі ацэнку, хаця ён усё роўна скончыў школу на выдатна.
Здзейсненая мара
З дзяцінства Міхал Сапоцька марыў стаць святаром. На перашкодзе стаяла беднасць. Прыехаўшы ў Вільню, ён зусім не ведаў, куды ісці. У яго не было ні грошай, ні даху над галавой. Нарэшце пані Ядзвіга Вальц, якая трымала інтэрнат для хлопчыкаў, прыняла яго да сябе. Там год рыхтаваўся да экзаменаў. У 1910 годзе стаў студэнтам першага курса Віленскай семінарыі. Яго маці памерла, калі яшчэ вучыўся. Ён быў настолькі бедны, што для пасвячэння ў святары пазычыў у сябра абутак.
Святарства
Малады кс. Сапоцька быў накіраваны ў свой першы прыход у Таборышкі. Адразу ўзяўся за моладзь. Заснаваў парафіяльны хор, стварыў бібліятэку. Ён арганізаваў капліцы ў аддаленых ад Таборышак мясцінах: Медыніках Каралеўскіх і Онжадове. Дабіраўся туды на ровары або пешшу, не зважаючы на вялікія адлегласці. Ён арганізоўваў школы для дзяцей у вёсках і аплачваў іх сам. 4 гады ён працаваў у Таборышках з вялікай аддачай.
Затым быў накіраваны ў Варшаву, дзе быў вайсковым капеланам. Ён таксама дапамагаў салдатам, якія змагаліся на фронце Першай сусветнай вайны. Затым у Вільні чытаў лекцыі ў семінарыі і ў Віленскім універсітэце.
Сустрэча, якая змяніла ўсё
Менавіта ў Вільні ў 1933 годзе, калі быў спаведніком сясцёр, ён пазнаёміўся з Фаўстынай Кавальскай. Ён бачыў яе ўпершыню, але яна сказала, што ведае яго са сваіх відзенняў. Яна таксама сказала яму, што атрымала спецыяльнае заданне: напісаць карціну з Езусам Міласэрным. Але ў яе не было жывапіснага таленту, і не хто іншы, як ксёндз павінен быў ёй у гэтым дапамагчы. Сапоцька не адразу паверыў Фаўстыне. Спачатку ён адправіў яе на псіхіятрычную экспертызу. Калі аказалася, што яна цалкам здаровая, ён пачаў ёй дапамагаць. Так атрымалася, што сусед кс. Сапоцькі быў мастак Эўгеніюш Казіміроўскі. Менавіта яго кс. Сапоцька папрасіў намаляваць абраз паводле візій сястры Фаўстыны. Мастаку патрэбна была мадэль. Гэта быў кс. Сапоцька. Ён гадзінамі стаяў з паднятай правай рукой і левай рукой на сэрцы. Гэтая карціна дагэтуль вісіць у касцёле Божай Міласэрнасці ў Вільні.
Папулярызатар Божай Міласэрнасці
Ужо ў 1937 г. кс. Сапоцька надрукаваў першыя выявы Езуса Міласэрнага. Ён таксама параіў сястры Фаўстыне пачаць пісаць Дзённік. У сваім апошнім лісце да кс. Сапоцкі, за некалькі месяцаў да смерці Фаўстына пісала: «Цікава, што здарылася з улюбёным Айцом? Як ваша здароўе, ці палепшылася? Я прасіла Бога, каб захаваў айца ў добрым здароўі на доўгія гады, бо неабходна абвяшчаць Божую Міласэрнасць. Фаўстына памерла ў 1938 годзе.
Пасля вайны ў 1947 годзе Сапоцька назаўжды пакінуў Вільню і пераехаў у Беласток, дзе чытаў лекцыі ў семінарыі. Там ён правёў 33 гады. Пражыў 87 гадоў. Памёр у доме сясцёр місіянерак на вул. Палескай 15 лютага 1975 г. 28 верасня 2008 г. быў беатыфікаваны ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Беластоку.
Крынiца: kalendarzrolnikow.pl
Fot. soulpainter.com