Еўрапарламент назаве адну са сваіх залаў імем палкоўніка Вітольда Пілецкага. Такога ўшанавання памяці польскага героя дамагалася еўрадэпутат Анна Фотыга.
Былая кіраўнічка польскай дыпламатыі супрацоўнічала у гэтай справе з віцэ-прэзідэнтам Еўрапарламента з Латвіі і былым міністрам абароны Літвы.
Калі менавіта адбудзецца цырымонія, пакуль невядома. Еўрадэпутат Анна Фотыга спадзяецца, што ўрачыстасць адбудзецца ў маі, у гадавіну нараджэння палкоўніка.
«Я вельмі рада, што ў нас гэта атрымалася. Месяцы напружанай працы, здаецца, нарэшце акупіліся. Мы яшчэ не ведаем, якая гэта зала, мы не ведаем, як будзе выглядаць цырымонія, але мы ўжо ведаем, што гэта станоўчае рашэнне, – падкрэслівае еўрапарламентарый.
Вітольд Пілецкі нарадзіўся 13 траўня 1901 году. Быў забіты камуністамі пасля паказальнага суда ў 1948 годзе.
Пілецкі быў рэабілітаваны ў 1991 годзе. Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі пасмяротна ўзнагародзіў яго ордэнам Белага Арла.
У 2013 годзе яму было прысвоена званне палкоўніка.