Сярод судзімых ці арыштаваных сiлавiкамi рэжыму — пенсіянер, якi пакінуў на прыпынку надпіс «не вайне», сваякі салдат палка Каліноўскага і людзі, якія перадавалі інфармацыю пра перасоўванне расійскай тэхнікі.
Па звестках ініцыятывы Dissident.by, з 24 лютага 2022 года па розных палітычных крымінальных справах затрымалі не менш за 2300 беларусаў. Па адміністрацыйных справах, звязаных з палітыкай, было затрымана больш за 6500 чалавек. Паводле падлікаў ПЦ «Вясна», у 2022 годзе за выказаную антываенную пазіцыю былі затрыманыя не меней за 1575 беларусаў. 56 чалавек з іх асудзілі па крымінальных артыкулах на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.
На чыгунцы было здзейснена не менш за дванаццаць арганізаваных акцый сабатажу (да прыкладу, акцыя сям’і Глебкаў туды не ўваходзіць – яны спантанна падпалілі бярвенне на рэйках). На сёння вядомыя імёны адзінаццаці арыштаваных «рэйкавых партызанаў» і адной жанчыны, якая мусіла ім дапамагчы (Алеся Буневіч).
Усе яны атрымалі велізарныя турэмныя прысуды – ад 11 гадоў турмы для Сяргея Глебкі і Аляксея Шышкаўца да 23 гадоў для Дзяніса Дзікуна.
Рэжым Лукашэнкі карае не толькі за практычны супраціў вайне, але і антываенныя каментатары. Самыя вядомыя выпадкі – гэта справы 20-гадовай Дануты Перадня і 19-гадовага Іллі Верамеева. Ім за некалькі допісаў у тэлеграме далі па 6,5 года калоніі кожнаму. Агулам жа такіх людзей, па звестках «Вясны», не менш за дваццаць чалавек. Большасць з іх атрымала прысуды ў выглядзе пазбаўлення волі ў калоніі.
Сапраўдны маштаб антываеннага супраціву ў Беларусі і ягоныя наступствы пакуль застаюцца невядомымі.
Крыніца: PR/nashaniva.com