159 гадоў таму, 22 сакавіка 1864 году, у Вільні расiянамi быў публічна павешаны Кастусь Каліноўскі, адзін з кіраўнікоў Паўстання 1863-1864 гг. у Беларусі і Літве.

Нарадзіўся будучы кіраўнік паўстанцаў у маёнтку Мастаўляны на Гродзеншчыне ў сям’і беззямельнай шляхты. Скончыў гімназію ў Свіслачы, вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці студэнцкіх суполак і рэвалюцыйных гурткоў.

Ствараў рэвалюцыйныя гурткі ў Гродзенскай і Віленскай губернях. У 1862 годзе ён стаў старшынёй Паўстанцкага камітэта, які пазней стаў Літоўскім правінцыйным паўстанцкім камітэтам. Паўстанне падтрымалі такія важныя для Беларусі дзеячы, як Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Напалеон Орда.

У 1862-1863 гадах кіраваў выданнем і распаўсюджваннем газеты «Мужыцкая праўда», адрасаванай сялянам. Гэта была першая нелегальная рэвалюцыйная газета, якая выдавалася на беларускай мове. Пад псеўданімам Яська-гаспадар з-пад Вільні пісаў адозвы да мясцовага насельніцтва (напісаныя беларускай лацінкай).

Каліноўскі кіраваў паўстанцамі да свайго арышту. Асуджаны на смерць, пакінуў завяшчанне — «Лісты з-пад шыбеніцы». Пакараны смерцю ў Вільні 22 сакавіка 1864 года.

Крынiца: wb24.org

Fot. Canva/Pinterest/Wikipedia

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)