Супольнасць Кангрэгацыі святароў Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Беларусі і Курыя Гродзенскай дыяцэзіі паведамілі, што 14 красавіка ў польскім горадзе Тухaве ва ўзросце 88 гадоў памёр кс. Эрнэст Будын. Амаль чвэрць стагоддзя ён правёў у Беларусі. Святар быў адным з заснавальнікаў супольнасці Найсвяцейшага Сэрца ў нашай краіне.
Падчас служэння ў Беларусі святар быў пробашчам парафіі Св. Станіслава ў Ляцку (дэк. Шчучын), а пазней парафіi Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).
Айцец Эрнэст Будын нарадзіўся ў 1935 г. у Польшчы. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1960 г. у Кальварыі Зэбжыдоўскай з рук арцыбіскупа Караля Вайтылы. Некалькі дзесяткаў гадоў быў эканомам у манаскіх дамах, пробашчам парафій у Польшчы.
З 1990 г. быў сустваральнікам структур супольнасці Найсвяцейшага Сэрца ў Беларусі. У 2013 г. вярнуўся ў Польшчу, дзе служыў у парафіі ў Сасноўцы.
У Беларусі святую Імшу за спачылага ксяндза Эрнэста Будына правялі 15 красавіка ў парафіі святога Станіслава ў Ляцку.
Пахаванне святара адбудзецца 17 красавіка ў парафіі ў Стадніках. У 11.30 (па польскім часе) адбудзецца святая Імша, пасля — пахаванне на мясцовых могілках.
Крынiца: catholic.by