У інтэрнэце з’явілася петыцыя з прапановай унесці драўляны касцёл, капліцу і гарадскую забудову Ліды пачатку ХХ стагоддзя ў Дзяржаўны спіс помнікаў гісторыі і культуры. Прававую ахову будынкаў прапануецца забяспечыць да святкавання 700-годдзя горада. Зараз у Лідзе такі статус маюць толькі некалькі аб’ектаў.
Унесеныя зараз у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей замак, чатыры камяніцы, комплекс піўзавода ды два храмы не ў поўнай меры адлюстроўваюць архітэктурную і гістарычную спадчыну Ліды, падкрэсліваюць аўтары петыцыі.
Яны заклікаюць Лідскі райвыканкам падрыхтаваць прапанову на наданне гістарычным будынкам Ліды статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў адпаведнасці Кодэксам аб культуры.
«Гарадская забудова значная пацярпела ў абедзве вайны, таму ахова і рэстаўрацыя цудам ацалелых культурных каштоўнасцей у горадзе надзвычай важнае для захавання гістарычнай памяці», — адзначана ў тэксце петыцыі.
У спісе, прапанаваным аўтарамі петыцыі, аб’екты, якія не маюць афіцыйнага прызнання помнікамі гісторыі і архітэктуры:
- драўляны касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі ў раёне Слабада (1933 г.),
- вуліца 8 Сакавіка,
- вуліца Перамогі, №№ 36, 52, 53, 57, 61,
- забудова праспекта Перамогі, №№ 10 (новая яўрэйская свецкая Тарбут-школа, 1930-я), 14, 20,
- дом па вулицы Гагарына, 38,
- дом па бульвары Князя Гедыміна, 8,
- забудова вуліцы Чапаева, №№ 18, 17 (верагодна, перабудаваны гістарычны дом, патрабуецца дадатковае вывучэнне),
- дом па вуліцы Астроўскага, 16 (1930-я),
- дом па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 4 (1930-я),
- дом па вуліцы Камсамольскай, 14 (канец XIX — пачатак XX ст.),
- забудова вуліцы Савецкай, №№ 23, 24А, 32 (усе былі ўнесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі — афіцыйны спіс помнікаў у часы БССР), 34, 53, 16 (былы кінатэатр «Нірвана»),
- забудова вуліцы Замкавай (былой Камсамольскай), №№ 3, 5, 8 (усе былі ў Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі), 2;
- капліца Святой Барбары (1930-я) і гістарычныя пахаванні старых каталіцкіх могілак;
- вуліца Ленінская, 10А (сцяна старой Тарбут-школы).
Подпісы пад петыцыяй збіраюць да 2 траўня. Пасля яе накіруюць у Лідскі раённы выканаўчы камітэт.
Крыніца: hrodna.life
Fot. Archiverta.by