У вёсцы Піваварыха пад Іркуцкам на могілках ахвяр савецкіх рэпрэсій 1930-х гадоў дэмантавалі помнік і крыж у гонар закатаваных палякаў і літоўцаў, паведамляе партал Delfi.lt.
На падзею ўжо адрэагаваў амбасадар Польшчы ў Расiі Кшыштаф Краеўскі. Амбасадар запэўніў, што польскi МЗС адрэагуе на сiтуацыю.
Помнік польскім ахвярам рэпрэсій быў усталяваны ў Піваварысе у 2015 годзе па ініцыятыве Польскай культурнай арганізацыi “Ogniwo” і польскага консульства ў Іркуцку. Літоўскі помнік меў форму чатырохметровага драўлянага крыжа. Ён быў усталяваны ў Піваварысе таксама ў 2015 годзе.
У 1930-я побач з Піваварыхай знаходзілася спецзона НКУС, дзе расстрэльвалі палітвязняў. Даследчыкі ацэньваюць колькасць забітых у 15-17 тыс. чалавек. Масавыя пахаванні знайшлі толькі восенню 1989 года. Там адкрылі мемарыяльны комплекс памяці ахвяр палітычных рэпрэсій “Піваварыха”
У красавіку знік мемарыял памяці рэпрасаваных палякаў і літоўцаў у Кудымкарскім раёне Пермскага краю. Кіраўнік мясцовага “Мемарыяла” Роберт Латыпаў пасля зносу манумента выказаў меркаванне, што ўсе такія аб’екты ў Расіі аказаліся пад пагрозай.
Крынiца: delfi.lt