У «віцебскіх Курапатах», што каля вёскі Хайсы на Вiцебшчыне, невядомыя знішчылі драўляныя крыжы, шыльды з імёнамі расстраляных і ўказальнікі да месцаў расстрэлаў, піша віцебская «Вясна».

Мясцовыя актывісты мяркуюць, што за актам вандалізму не стаяць звычайныя хуліганы.

“Хуліганы маглі зламаць адзін-два драўляных крыжы, але ж знішчаны практычна ўсе, — кажа стваральнік ініцыятывы “Хайсы — віцебскія Курапаты” Ян Дзяржаўцаў. — Каб зрэзаць указальнікі, адназначна патрэбная тэхніка. Ламаць шыльды на крыжах на вышыні 3-4 метры таксама не стане выпадковы мінак. Я мяркую, усё гэта было зроблена знарок, і вінаваты тут не простыя людзі. Жыхары найбліжэйшых вёсак выдатна ведаюць пра тутэйшыя падзеі ў 1937-38 гады, яны самі дзяліліся ўспамінамі, пачутымі ад старэйшага пакалення, і выказвалі адназначнае меркаванне, што ў памяць пра бязвінна забітых патрэбны мемарыял… Але гэтую думку катэгарычна не падзяляюць у Мазалаўскім сельсавеце, ад самага пачатку там выказвалі незадавальненне нашай дзейнасцю па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму. Не выключаю, што па загадзе мясцовых уладаў і былі знішчаны крыжы, шыльды і ўказальнікі”.

Fot: Facebook.com/“Хайсы – віцебскія Курапаты”

Дзяржаўцаў не выключае, што ў будучым імправізаваны помнік будзе знішчаны, таму ў цяперашніх умовах няма сэнсу ставіць новыя крыжы. Будзем спадзявацца, што прыйдуць лепшыя часы, — кажа ён.

Вандалы i раней наведвалі «Віцебскія Курапаты».

Крыніца: vitebskspring.org

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)