У парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў вёсцы Сталовічы Баранавіцкага раёна пробашчам касцёла Янушам Фестэрам былі знойдзены рэліквіі італьянскага святога Сімпліцыя з Ольвіі, які жыў у ІІІ–ІV ст. піша рэгіянальны партал bar24.by.

Некалi ў Сталовічах размяшчалася камендатура Мальтыйскага ордэна. Верагодней за ўсё, пасля 1614 г. адзін з прадстаўнікоў ордэна прывёз з сабой у Вялікае Княства Літоўскае частку мошчаў святога. Пасля падзелаў Першай Рэчы Паспалітай Сталовічы апынуліся ў складзе Расіі. Камендатура была ліквідавана, а храм перададзены праваслаўнай царкве.

Магчыма, некаторы час мошчы захоўваліся ў мясцовых жыхароў у Сталовічах. У 1911 годзе ў мястэчку быў пабудаваны новы каталіцкі храм, куды людзі перадалі маёмасць са старога храма, у тым ліку і мошчы святога Сімпліцыя.

Рэлікварый з мошчамі святога Сімпліцыя са Сталовічаў. Усе фота: прыход Найсвяцейшага Сэрца Ісуса

Рэлікварый з мошчамі святога Сімпліцыя са Сталовічаў (Фота: прыход Найсвяцейшага Сэрца Езуса)

Да 2022 года рэлікварый з мошчамі стаяў у металічнай шафе, дзе хаваюць розныя рэліквіі, якія выкарыстоўваюцца падчас набажэнства. Рэлікварыем ніхто не цікавіўся.

— Ён быў незаўважны, прыкрыты іншымі рэліквіямі, — распавёў айцец Януш. — Я стаў правяраць усю маёмасць, выцягнуў рэлікварый і прачытаў, што напісана. А потым пачаў пошукі ў інтэрнэце.

Даведаўшыся, што захоўвае ў сабе рэлікварый, святар вельмі здзівіўся. Вядома, што мошчы гэтага святога захоўваюцца толькі ў горадзе Ольбія на Сардзініі.

— Я думаю, гэтыя мошчы, магчыма, больш каштоўныя, чым страчаная ікона Ларэтанскай Божай Маці, якая захоўвалася ў камандорыі Мальтыйскага ордэна ў Сталовічах, — адзначыў айцец Януш.

У гонар святога Сімпліцыя ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса 15 мая адбылася ўрачыстая імша. Перад гэтым айцец Януш напісаў святарам у Ольбію, каб даведацца, як яны адзначаюць гэтае свята, каб прытрымлівацца традыцый.

Св. Сімпліцый I быў папам. Яго пантыфікат ахопліваў 468-483 гг. У сваёй дзейнасці ён займаўся пытаннямі прэрагатываў Рымскага біскупа на Усходзе і змагаўся з монафізітствам.

Крыніца: bar24.by

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)