У Італіі ўшанавалі памяць герояў, якія змагаліся пад Монтэ-Касіна. Жаўнераў 2-га Польскага корпуса і яго камандуючага генерала Уладзіслава Андэрса ўшанавалі ветэраны і прадстаўнікі дзяржаўных уладаў.

У студзені 1944 г. саюзнікі пачалі баі за Монтэ-Касіна — ключавы пункт на карце нямецкіх умацаванняў, г.зв. Лінія Густава. За чатыры месяцы кровапралітных баёў узвышша не ўдалося ўзяць. У ноч з 11 на 12 мая ў бой уступілі жаўнеры II польскага корпуса генерала Уладзіслава Андэрса. 18 мая над руінамі кляштара вісеў польскі сцяг і гучаў «Хейнал» у выкананні Эміля Чэха. Монтэ-Касіна было заваявана. Завяршыўся адзiн з гераічных баёў Другой сусветнай вайны, перамога ў якiм была вызначана мужнасцю, гераізмам і ахвярнасцю польскага войска. Праз некалькі дзён пасля ўзяцця Монтэ-Касіна войскі саюзнікаў зламалі т. зв Лінію Густава- ключавую кропку на карце нямецкіх умацаванняў. 4 чэрвеня 1944 года амерыканскія войскі ўвайшлі ў Рым.

У 79-ю гадавіну бітвы пад Монтэ-Касіна на польскiх вайсковых могiлках ў Італіі ўшанавалі памяць жаўнераў 2-га Польскага корпуса і іх камандзіра генерала Уладзіслава Андэрса. У цырымоніі ўзялі ўдзел ветэраны, амбасадар Рэспублікі Польшча ў Італьянскай Рэспубліцы Анна Марыя Андэрс, кіраўнік Упраўлення па справах ветэранаў вайны і ахвяр рэпрэсій Ян Юзэф Каспшык, прэзідэнт Інстытута нацыянальнай памяці д-р Караль Наўроцкі, Дзяржаўны сакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Ян Дзедзічак, дэпутат Еўрапарламента Ёахім Брудзінскі і бурмiстр Касіна Энца Салера. Галоўным момантам цырымоніі стала малітва за Радзіму на Польскіх ваенных могілках у Монтэ-Касіна і ўскладанне кветак да магілы генерала Уладзіслава Андэрса і Ірэны Андэрс.

Крыніца: IPN

Fot. Mikołaj Bujak (IPN)

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)