Улады пачалі збор звестак аб відах на жыхарства ў ЕС і картах паляка на мяжы i дзяржаўных прадпрыемствах, паведамляе партал «Наша ніва».

Згодна з абноўленай рэдакцыяй закона «Аб грамадзянстве», беларусы, якія атрымалі грамадзянства іншых краін, ДНЖ ці іншы дакумент замежнай дзяржавы (напрыклад, карту паляка), які дае права на льготы і іншыя перавагі, на працягу трох месяцаў з дня атрымання адпаведных дакументаў абавязаны праінфармаваць пра гэта органы ўнутраных спраў або органы дыпламатычнай службы. Закон набывае моц 11 ліпеня.

Пры гэтым, як паказвае практыка, збіраць звесткі аб наяўнасці падобных дакументаў пачалі яшчэ летась. Паралельна з гэтым на дзяржаўных прадпрыемствах аказваюць ціск на ўладальнікаў карты паляка. Людзей прымушаюць адмовіцца ад яе, пагражаюць звальненнем.

Таксама пачынаючы з вясны бягучага года адзначаецца, што пагранічнікі пачалі ўсё часцей патрабаваць дазвол на жыхарства ці іншыя дакументы ў тых беларусаў, якія падаюць пашпарт без дзейнай візы пры выездзе ў ЕС. Хоць па законе для выезду за мяжу дастаткова мець толькі пашпарт. Выглядае, што ўлады рыхтуюцца да ўступлення ў сілу абноўленага закона.

Што можа чакаць тых, хто вырашыць прыхаваць факт наяўнасці падобных дакументаў, мы спыталі ў юрыстаў сэрвісу бясплатнай ананімнай юрыдычнай дапамогі Legal Hub.

Юрысты адзначаюць, што на сёння заканадаўствам не вызначаныя ні формы адпаведных паведамленняў, ні адказнасць за непаведамленне ў кампетэнтныя органы інфармацыі аб наяўнасці грамадзянства/дазволу на жыхарства і іншых дакументаў замежнай дзяржавы.
Але гэта не азначае, што такія нормы не з’явяцца ў хуткім часе.

Таму спецыяліст мяркуе, што хутка разам з новымі патрабаваннямі з’явяцца і новыя нормы, якія будуць прадугледжваць адказнасць за іх невыкананне.

Тут беларускія ўлады могуць арыентавацца на досвед РФ, як яны ўжо неаднаразова рабілі.

«Тады падобныя парушэнні могуць пацягнуць адміністрацыйную адказнасць у выпадку несвоечасовага адпаведнага паведамлення або ўказання няпоўных звестак у ім (арт. 19.8.3 Кодэкса РФ аб адміністрацыйных правапарушэннях), а таксама крымінальную адказнасць у выпадку наўмыснага непрадстаўлення звестак (артыкул 330.2 КК РФ). Не выключана, што падобныя палажэнні будуць унесены і ў беларускае заканадаўства», — мяркуе правазнаўца.

Крыніца: nashaniva.com

Fot. gov.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)