25 мая 1948 года вялікі паляк, герой Другой сусветнай вайны капітан Вітольд Пілецкі быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд быў выкананы ў Макотаўскай турме. Пілецкі лічыцца адным з самых адважных і верных жаўнераў Польшчы.
Вітольд Пілецкі ўсё сваё жыццё прысвяціў працы на карысць Польшчы: змагаўся за яе межы пасля падзелаў, адстойваў незалежнасць сваёй радзімы ў вайне з бальшавікамі ў 1920 годзе і ў вайне з нямецкімі і савецкімі захопнікамі пасля 1 верасня 1939 года. Да гэтага вёў шчаслівае сямейнае жыццё, сумяшчаючы яго з актыўнай грамадскай працай у Сукурчах (Лідскі павет на Навагрудчыне).
Падчас нямецкай акупацыі быў адным з заснавальнікаў падпольнага Тайнага Войска Польскага. 19 верасня 1940 года ён наўмысна дазволіў арыштаваць сябе ў аблаве і перавезці ў КЛ Аўшвiц. У пекле канцлагера ён стварыў канспіратыўную сетку і задакументаваў драму вязняў і звярынасць нямецкіх катаў, якія здзекаваліся над людзьмi. Пасля ўцёкаў з Асвенцыма (красавік 1943 г.) Вітольд падрыхтаваў падрабязныя рэпартажы пра нямецкі лагерны генацыд. Амаль адразу вярнуўся да ўзброенай барацьбы ў падпольным Войску Польскім. Удзельнічаў у Варшаўскім паўстанні. Пасля яго падзення ён ненадоўга трапіў у нямецкі палон, а затым далучыўся да ІІ польскага корпуса, які знаходзіўся ў Італіі. Увосень 1945 году быў перакінуты ў камунiстычную Польшчу, якой кіравалі прадстаўнікі савецкай імперыі. У Польшчы вёў разведвальную дзейнасць на карысць польскіх узброеных сіл на Захадзе.
Камуністы арыштавалі Вітольда Пілецкага 8 мая 1947 г. Праз некалькі дзён у лісце на імя дырэктара Следчага дэпартамента Юзэфа Ружанскага капітан спрабаваў абараніць іншых арыштаваных разам з ім “змоўшчыкаў”: «(…) таму я пішу гэтую петыцыю. Так што па суме ўсіх кар – пакараны толькі я. Таму нават калі б мне давялося страціць жыццё – лепш так, – чым жыць далей і мець рану ў сэрцы». Пасля звярынага шасцімесячнага следства і фальшывага «суда» В. Пілецкі быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Сталінскі намеснiк Баляслаў Берут застаўся глухі і сляпы да просьбаў жонкі і дзяцей Пілецкага захаваць жыццё іх мужу і бацьку. Кіраўніцтва Вышэйшага ваеннага суда рэкамендавала «неадкладна прывесці прысуд у выкананне». Пілецкі быў забіты ў Макотаўскай турме на вул. Ракавецкая, вечарам 25 мая 1948 г. у 21.30. Цела сям’і не выдалі, схавалі ў безназоўнай яме смерці ў невядомым месцы. Пакуль астанкі капітана, на жаль, застаюцца неапазнанымі.
Памяць пра Вітольда Пілецкага надалей жыве. У 1990 годзе ён быў рэабілітаваны Вярхоўным судом Рэспублікі Польшча, а ў 2006 годзе прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі пасмяротна ўзнагародзіў капітана ордэнам Белага Арла.
Крыніца: Muzeum1939.pl
Фота: Мікoлай Качмарэк-Kолер Гісторыі