Забудоўшчык выбраў назву для будучага жылога комплексу на вуліцы Магістральнай, побач з паліклінікай №5. Назваць яго вырашылі «Бона» ў гонар польскай каралевы і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорца.

Конкурс на назву новага жылога комплекса на Магістральнай абвесціла ў сваім Telegram-канале брэсцкая фірма PObudowa («Палессежылбуд»).

Сярод прапанаваных падпісантамі варыянтаў былі імёны гістарычных асобаў, звязаных з Гродна, ЖК «Бугорок», «Магистр» і падобныя — паводле назвы вуліцы, і «станоўчыя прыгожыя словы» (так акрэсліла іх адна з аўтарак) кшталту «Абрикос», «Мальдивы» і «Престиж».

Забудоўшчык абраў варыянт «Бона». «Тым самым мы звяртаем увагу на важную гістарычную асобу, якая кардынальна паўплывала на развіццё Гродна», — пракаментаваў свой выбар забудоўшчык.

Што зрабіла каралева Бона для Гродна?

Дачка міланскага герцага Джана Галеацца Сфорцы стала жонкай караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І у 1518 годзе. Яна была ўдвая маладзейшай за яго. Пры яе падтрымцы быў выдадзены Першы Статут ВКЛ, будаваліся школы, храмы, шпіталі, праводзіліся рэформы.

Бона Сфорца набыла ў Юрыя Радзівіла Гродзенскае староства. Яна прывезла сюды невядомыя раней гародніну і садавіну, усталявала звычай есці відэльцам і трымаць пакаёвых птушак, стала заканадаўцай моды.

У Гродне на яе загад забрукавалі вуліцы і гандлёвую плошчу, горад атрымаў вадаправод і дзве гарадскія пячаткі: асобную гандлёвую і ўрадавую з выявай аленя святога Губерта.

З часоў Боны паходзіць першая згадка пра знакаміты гарадскі ратушны гадзіннік, для абслугоўвання якога ў 1541 годзе Бона загадала ўзяць на службу спецыяльнага майстра. Таксама Бона фундавала грошы і на Фару Вітаўта і прафінансавала са скарбу стварэнне ў Гродне першага шпіталя пры кляштары і касцёле Святога Духа на сучаснай Савецкай вуліцы. Будынак стаіць там дасюль.

У 2019 годзе гродзенцы стварылі петыцыю аб ушанаванні каралевы Боны ў гарадской прасторы. Гарадзкія ўлады пагадзіліся на гэта, нават унеслі Бону Сфорцу ў адмысловы спіс, але прызналі, што пакуль ня маюць грошай на ўсталяванне ў Гродне мемарыяльнай шыльды ці помніка.

Крыніца: hrodna.life

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)