Роўна 162 гады таму, 29 мая 1861 года, у Парыжы памёр Ёахім Лялевель – выдатны польскі гісторык і змагар за незалежнасць. Яго часта называюць першым сучасным гісторыкам. У гісторыю ўвайшоў яго знакаміты лозунг: «За нашу і вашу свабоду».
Паходзіў са спаланізаванай шведскай сям’і Лёльхёфель дэ Лёвенпрунг, якая на працягу двух пакаленняў асела ў Польшчы.
Ёахім Лялевель, гісторык, палітык, публіцыст, скончыў Віленскі ўніверсітэт. Ён быў звязаны з ім на працягу многіх гадоў. Аднак за прагрэсіўныя погляды і сувязі з асяроддзем філаматаў быў выдалены з гэтай установы. Лялевель быў заснавальнікам выдання «Tygodnik Wileński» — часопіса, прысвечанага навуцы і літаратуры, у якім дэбютаваў Адам Міцкевіч. Паэт праз шмат гадоў змясціў постаць Лелевеля ў трэцяй частцы «Дзядоў».
Будучы дэпутатам, ён набыў папулярнасць як абаронца ліберальных пастулатаў. Падчас Паўстання 1830-1831 гг. быў членам Адміністрацыйнай рады, а потым Нацыянальнага ўрада. Ён таксама быў старшынёй Патрыятычнага таварыства. Яму прыпісваюць аўтарства лозунга: «За нашу і вашу свабоду», які з’явіўся на харугвах паўстанцаў.
Сцяг з 1831 года (fot. Wikipedia.org)

Сцяг Каралеўства Польскага з сеймавай залы, вынесены Лялевелем пасля Лістападаўскага паўстання (фота: Wikipedia/Samhanin)
Пасля зрыву паўстання выехаў у эміграцыю. У Францыі ён заснаваў Польскі нацыянальны камітэт, які паставіў перад сабой мэту адрадзіць Польшчу як рэспубліку дзякуючы выбуху паўстання. Яго пракламацыя з заклікам да звяржэння царызму стала падставай для высылкі з Францыі. Ён заснаваў Саюз польскай эміграцыі і напаўсакрэтную арганізацыю «Маладая Польшча», звязаную з «Маладой Еўропай» Джузэпэ Мадзіні. Лялевель хацеў стварыць саюз рэспубліканскіх дзяржаў супраць Свяшчэннага саюза – гаранта венскага парадку.
Магіла Лялевеля на могілках Росі ў Вільні (фота: Wikipedia/Krzysztof Mizera)
Рознабаковы даследчык, ён пакінуў пасля сябе велізарную спадчыну ў галіне гісторыі і яе дапаможных навук. Паралельна займаўся многімі дысцыплінамі. Выступаў супраць падзелу гісторыі на эканамічную, сацыяльную, палітычную і г. д. Адным з першых пачаў займацца гістарычнай геаграфіяй і картаграфіяй.
Школа Лялевеля пастулявала ўсебаковае вывучэнне гістарычных працэсаў у іх розных аспектах. Яе жорстка крытыкавалі прадстаўнікі кракаўскай школы за разгляд гісторыi праз прызму яго рэспубліканскіх перакананняў.
Лелевель памёр у Парыжы ва ўзросце 75 гадоў.
Крыніца: muzhp.pl