Польшча абвясціла санкцыі ў дачыненні да 365 грамадзян Беларусі ў сувязі з пакіданнем у сіле «драконаўскага прысуду Анджэю Пачобуту і рэпрэсіямі беларускіх уладаў супраць палітычных апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», паведамляе польскi МУС.

Беларусам, якія трапілі пад санкцыі, забаронены ўезд у Польшчу і іншыя краіны Шэнгена. У санкцыйны спіс уключаны 159 дэпутатаў парламента (астатнія ўжо былі ў санкцыйным спісе), 76 суддзяў, 7 пракурораў, 32 прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, 28 супрацоўнікаў праваахоўных органаў, 23 прадстаўнікі прапагандыстскiх СМІ, 24 спартсмены і спартыўных дзеячаў, 8 супрацоўнікаў дзяржпрадпрыемстваў, 8 дзеячаў культуры і навукі.

Пад санкцыі трапілі прадпрымальнікі, звязаныя з расійскім капіталам — 15 грамадзян Расіі і адзін грамадзянін Беларусі, а таксама 20 суб’ектаў гаспадарання (19 звязаных з Расіяй і адзін — з Беларуссю).

Гэтыя людзі прапагандавалі беларускі рэжым, а таксама ўдзельнічалі ў легітымізацыі і падтрымцы рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў у Мiнску. Яны таксама адказныя за палітычна матываваны прысуд Анджэю Пачобуту, вынесены паводле ілжывага абвінавачання.

У спіс таксама трапiлi людзi, якiя займалiся зборам матэрыялаў і вядзеннем разбіральніцтваў адносна ўдзелу беларусаў у дэмакратычных акцыях пратэсту. Асобы з санкцыйнага спісу нясуць адказнасць у тым ліку за: прымяненне фізічных і псіхалагічных катаванняў, збіццё, запалохванне і дыскрымінацыю польскай меншасці. Асобы, унесеныя ў спіс, таксама ўдзельнічалі ў знішчэнні польскіх могілак і помнікаў у Беларусі.

Урэшце ў спісе ёсць асобы, адказныя за арганізацыю нелегальнай міграцыі ў Польшчу і краіны Балтыі.

Kрыніца: gov.pl

Fot. gov.pl

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)