Беларуская кампанія «Навукова-тэхнічны цэнтр ЛеМТ БелОМА» сумесна з двума расiйскімі навукова-даследчымі інстытутамі ствараюць новую баявую лазерную ўстаноўку, якая нібыта зможа знішчаць беспілотнікі на вялікіх адлегласцях. У БелОМА запэўніваюць, што новая сістэма зможа знішчаць беспілотнікі з адлегласцяў да дзясяткаў кіламетраў.

Якраз гэтае прадпрыемства сумесна з іншымі двума расійскімі навукова-тэхнічнымі інстытутамі будзе на працягу двух гадоў распрацоўваць лазерную сістэму магутнасцю 100 кВт і далёкасцю стральбы «ў некалькі дзясяткаў кіламетраў» для знішчэння беспілотнікаў.

Па словах прадстаўніка беларускай кампаніі, прататып новай сістэмы пакажуць ужо сёлета, а сам лазер будзе «вельмі магутным».

«Маем сумесны праект з дзвюма расійскімі кампаніямі па распрацоўцы вельмі магутнай і дасканалай лазернай сістэмы для барацьбы з беспілотнікамі. «Гіпербалоід інжынера Гарына» чыталі (фантастычны раман Аляксея Талстога. — НН)? Вось новая ўстаноўка таксама будзе паражаць лазерным променем беспілотнікі на адлегласці дзясяткаў кіламетраў», — запэўнівае прадстаўнік «ЛЭМТ».

На сайце «ЛЭМТ» сказана, што кампанія займаецца даследаваннем і вытворчасцю оптыка-электронных прыбораў «падвойнага прызначэння» (то-бок для грамадзянскіх і ваенных патрэб). У асартыменце прадпрыемства фігуруюць некалькі катэгорый тавараў: аптычныя прыцэлы, кампаненты беспілотнікаў і сістэм СПА, прыборы для аховы дзяржаўнай мяжы, лазерныя далямеры, медыцынскае абсталяванне і г. д.

Зусім нядаўна «ЛЭМТ» і іншыя беларускія прадпрыемствы трапілі ва ўкраінскі санкцыйны спіс тэрмінам на 10 гадоў за ўдзел у расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Крыніца: nashaniva.com

Fot. BelTA

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)